змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.

1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.

2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.

•••

Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)