Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старажытна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «старажытны», напрыклад: старажытнагрэчаскі, старажытнарускі.

старажытнагрэ́часкі, ‑ая, ‑ае.

Які існаваў у часы Старажытнай Грэцыі, звязаны з імі. Старажытнагрэчаская культура. Старажытнагрэчаская пісьменнасць.

старажытнару́скі, ‑ая, ‑ае.

Які існаваў у часы Старажытнай Русі, звязаны з імі. Старажытнарускія помнікі пісьменнасці. Старажытнаруская мова.

старажы́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць старажытнага (у 1, 2 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Я гляджу цяпер на гэты роў і ў шуме вады чую далёкую старажытнасць. Скрыган. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Сівая старажытнасць. □ Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда, вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны! Шамякін. // Старажытны свет, антычнасць. Разам з узвышэннем Канстанцінопаля і падзеннем Рыма канчаецца старажытнасць. Энгельс.

2. звычайна мн. (старажы́тнасці, ‑ей). Помнікі мінулага. Трэба вось што, Васіль Кузьміч: сёння напісаць ці пазваніць, куды трэба, каб спецыяліста прыслалі... Можа [касцёл] гэта старажытнасць якая? Лобан.

старажы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. □ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.

2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. □ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.

3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.

старажы́ха, ‑і, ДМ ‑жысе, ж.

Разм.

1. Жонка стоража.

2. Старожка (у 2 знач.). Цётка Палашка была старажыхай строгай, не патурала свавольнікам. Якімовіч.

старазаве́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць старазаветнага.

старазаве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прытрымліваецца старых поглядаў, правіл; які жыве па старых звычаях. [Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны. Брыль.

2. Які захоўваецца з даўніх часоў, які адпавядае старым густам, правілам і пад. Старазаветныя звычаі. Старазаветны спосаб.

старале́ссе, ‑я, н.

Месца, зарослае старым лесам. [Хлопец:] — Слухайце [дзядзька], а чаму гэта толькі тут кавалак старалесся, а далей маладняк? Жук.

старамо́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць старамоднага.