старажытны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. ▪ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.
2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. ▪ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.
3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)