старажо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.
Разм. Тое, што і старожка (у 1 знач.). Мужчыны кінулі работу і пабеглі ў старажоўку, Сымон зняў шапку і астаўся пад дажджом. Чарнышэвіч.
старажо́ўства, ‑а, н.
Разм. Занятак стоража. [Бацька:] — Калі лавіць баброў, то, відаць, трэба, каб мяне адпусцілі на колькі месяцаў... Самавольна ж я не магу. Старшыня пакрыўдзіцца і пазбавіць работы, ды і старажоўства губляць прыйдзецца. Масарэнка.
старажы́л, ‑а, м.
Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.
старажы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да старажыл.
старажытна...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «старажытны», напрыклад: старажытнагрэчаскі, старажытнарускі.
старажытнагрэ́часкі, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў у часы Старажытнай Грэцыі, звязаны з імі. Старажытнагрэчаская культура. Старажытнагрэчаская пісьменнасць.
старажытнару́скі, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў у часы Старажытнай Русі, звязаны з імі. Старажытнарускія помнікі пісьменнасці. Старажытнаруская мова.
старажы́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць старажытнага (у 1, 2 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Я гляджу цяпер на гэты роў і ў шуме вады чую далёкую старажытнасць. Скрыган. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Сівая старажытнасць. □ Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда, вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны! Шамякін. // Старажытны свет, антычнасць. Разам з узвышэннем Канстанцінопаля і падзеннем Рыма канчаецца старажытнасць. Энгельс.
2. звычайна мн. (старажы́тнасці, ‑ей). Помнікі мінулага. Трэба вось што, Васіль Кузьміч: сёння напісаць ці пазваніць, куды трэба, каб спецыяліста прыслалі... Можа [касцёл] гэта старажытнасць якая? Лобан.
старажы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. □ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.
2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. □ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.
3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.
старажы́ха, ‑і, ДМ ‑жысе, ж.
Разм.
1. Жонка стоража.
2. Старожка (у 2 знач.). Цётка Палашка была старажыхай строгай, не патурала свавольнікам. Якімовіч.