Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стараве́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да старавер.

стараве́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стараверства, старавера. [Бэла] жыла насупраць стараверскіх могілак, густа зарослых кашкай, акацыямі і старымі бярозамі. Асіпенка.

стараве́рства, ‑а, н.

Сукупнасць рэлігійных груп і цэркваў у Расіі, якія не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. і сталі апазіцыйнымі або варожымі да афіцыйнай праваслаўнай рэлігіі. // перан. Прытрымліванне ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад.

стараво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які даўно апрацоўваецца (пра зямлю).

стараво́рыўны, ‑ая, ‑ае.

Які здаўна падвяргаецца ворыву. Стараворыўныя землі. □ Дзямід Сыч накіраваўся на стараворыўны тарфянік першай брыгады. Паслядовіч. Тарфяныя глебы як цалінныя, так і стараворыўныя, патрабуюць глыбокага ворыва. «Беларусь».

старада́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць старадаўняга (у 1 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Старадаўнасць звычаяў. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Жыццё не знае старасці — Яно не мае меж: З глыбокай старадаўнасці Да нас прыходзіць верш. Непачаловіч.

2. звычайна мн. (старада́ўнасці, ‑ей). Помнім далёкага мінулага. Паспрабуйце не мінаць хуткім крокам і безуважнымі вачыма помнікі старадаўнасці — песні, карціны, скульптуры, будынкі. Лужанін.

старада́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які існуе з далёкіх часоў, захаваўся ад далёкага мінулага. Старадаўні звычай. Старадаўні гатычны сабор. Старадаўняя манета. □ Нам асвятлялі Шлях да перамогі Пяць зорак Старадаўняга Крамля. Астрэйка. // Які існаваў у далёкія, старыя часы, быў характэрны для мінуўшчыны. Паміж шафай і сцяной стаяў нізкі, старадаўняй работы стэлаж, на дзвюх паліцах якога блішчалі фальгой і золатам кнігі. Чыгрынаў.

2. Вельмі стары. Старадаўнія ліпы. □ Вузкаю палоскаю На краі нябёс Лёг за нашай вёскаю Старадаўні лес. Глебка.

старадзе́даўскі, ‑ая, ‑ае.

Які захаваўся ад дзядоў, продкаў, такі, які быў пры іх. Старадзедаўскія запаветы.

старадру́к, ‑а, м.

Старадрукаваныя кнігі. Як ён [Багдановіч] хацеў .. дакрануцца да пажаўцелых старонак тваіх старадрукаў! Клышка. У параўнанні з рукапісамі і старадрукамі папярэдняга [16–17 стст.] перыяду ў пазнейшых друкаваных кнігах літара «і» ужываецца больш паслядоўна. Булыка.

старадрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Надрукаваны да выпраўлення кніг для набажэнства ў другой палове 17 ст. Большая частка беларускіх пісьмовых помнікаў .. у выглядзе адзінкавых рукапісных ці старадрукаваных экземпляраў захоўваецца ў розных кнігасховішчах свету. Жураўскі.