Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няйна́кш, прысл.

Разм. Тое, што і няйначай. Падзівіліся мы.. дый рашылі, што няйнакш нешта благое здарылася з птушкай. Ляўданскі. Грышка ў вялікіх ботах — няйнакш матчыных, — у кароценькім кажушку крочыць паперадзе. Васілевіч.

няйна́чай,

1. прысл. Напэўна, іменна. Павел уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку, няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку. Лынькоў. Зося дапускала, што калі.. [Рыгор] прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак. Гартны.

2. у знач. пабочн. Хутчэй за ўсё, відавочна. [Нехта з дамашніх:] — І хто ж мог запаліць.. [стажок]? Пастушкі, няйначай. Колас. [Майбарада] зірнуў на чалавека. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай, студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган.

няке́млівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць някемлівага, адсутнасць кемлівасці. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак.

няке́млівы, ‑ая, ‑ае.

Які слаба кеміць; нездагадлівы. [Андрэй:] — От каб запалкі былі, агонь расклалі б. Ды дзе іх тут возьмеш? — Зусім ты някемлівы, — засмяяўся Васіль. — Брат жа твой курыць, а ты надзеў яго пінжак... Скрыпка.

няке́пскі, ‑ая, ‑ае.

Даволі добры, нядрэнны. Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. І зямля някепская... Колас. Дзяўчынка ведала, што бацька яе някепскі камбайнер. Даніленка.

някі́дкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які не кідаецца ў вочы; няяркі. У чалавека, які вёў размову з Мядзведзевым, просты, някідкі твар з кірпатым носам, валасы старчаком. Навуменка.

някле́тачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не мае клетачнай будовы. Няклетачнае рэчыва. Няклетачныя расліны.

няко́рмлены, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не кармілі; галодны. У хляве ў Акцызніка адзываліся запёртыя нанач, мусіць някормленыя, свінні. Пташнікаў.

няко́ўкі, ‑ая, ‑ае.

Які дрэнна куецца. Някоўкі чыгун.

няко́шаны, ‑ая, ‑ае.

Які не касілі, не скасілі. Сустрэлі.. [Андрэя з сям’ёй] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком, някошаныя, замшэлыя сенажаці. Пестрак. Паплавы стаялі някошаныя, і дзе-нідзе другі раз зацвіталі кветкі. Асіпенка.