мілітарысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і мілітарысцкі.
мілітары́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мілітарызму, мілітарыста. Мілітарысцкая палітыка. Мілітарысцкія арганізацыі.
міліцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міліцыі (у 2 знач.). Міліцыйная армія.
мілі́цыя, ‑і, ж.
1. Адміністрацыйны орган у СССР для аховы грамадскага парадку і бяспекі. Гарадская міліцыя. Раённая міліцыя. // зб. Работнікі міліцыі; міліцыянеры. У тую ж ноч прыбыў на хутар атрад міліцыі, схованы непадалёку ў засадзе. Колас.
2. Назва народнага апалчэння ў некаторых краінах.
[Ад лац. militia — войска.]
міліцыяне́р, ‑а, м.
Радавы або сержант міліцыі (у 1 знач.). Насустрач, спакойна зірнуўшы на хлопцаў, прайшоў дзяжурны міліцыянер. Ваданосаў.
міліцыяне́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міліцыянера, міліцыянераў. Міліцыянерская форма.
міліцэ́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міліцыі, міліцыянера. Міліцэйскі пост. □ Сяргей Карнілаў быў папярэджаны, што недзе з тылу прабіваецца конны міліцэйскі атрад. Дзенісевіч.
мі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны. — Падрыхтавалася, мілка? — пытаецца мая новая знаёмая праз пару мінут. Шынклер.
2. Каханая дзяўчына. Мая мілка добра скача, Добра песенькі пяе. А за кросны сядзе — плача: Ніткі ў бёрда не ўкладзе. З нар.
міло́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Тытул арыстакрата, лорда ў Англіі; ветліва-пачцівы зварот да яго.
[Англ. milord, ад my lord — мой лорд.]
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.