знямо́жанасць, ‑і, ж.
Стан зняможанага. Зняможанасць, пакутлівы боль у галаве і на ўсім целе затрымалі .. [Зіну] у дарозе. Кулакоўскі.
знямо́жаны, ‑ая, ‑ае.
Даведзены да знямогі; стомлены, знясілены. Перад вачамі плылі кругі, зямля цягнула да сябе зняможанае цела Міхаіла. Самуйлёнак. // Які выражае знямогу. Зняможаны твар.
зняна́цку, прысл.
Раптоўна, нечакана, без папярэджання. Затопленыя знянацку, немцы спачатку стоўпіліся невялікімі групамі, потым кінуліся хто куды. Сіняўскі. Двое мужчын.. падыходзяць да старасты, знянацку хапаюць яго і, разгойдаўшы, кідаюць цераз плот у крапіву. Якімовіч.
зняпра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Даказаць непраўдзівасць (якіх‑н. сцверджанняў, здагадак і пад.). Крушынскі стараўся рознымі спосабамі зняпраўдзіць гэтыя чуткі. Бядуля. Адбылося ў жыцці нешта такое, што ўсё з’іначыла і зняпраўдзіла. Чорны.
знясі́ленасць, ‑і, ж.
Стан знясіленага. [Крысціна] засаромелася сваёй знясіленасці, свайго паношанага плацця. Васілевіч.
знясі́ленне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знясіліць.
2. Стан крайняй стомленасці, поўнай страты сіл. Я падаў ад знясілення. Лужанін.
знясі́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад знясіліць.
2. у знач. прым. Крайне стомлены, абяссілены. Знясілены арганізм. □ Ціха, асцярожна ехаў грузавік — як стомлены, знясілены конь. Пестрак. // Які сведчыць аб знясіленні; худы, слабы. Знясіленыя рукі. □ [Сотнікаў] сабраў у сабе ўсё, на што яшчэ здольна было яго знясіленае цела, і, памагаючы сабе вінтоўкай, з натугай пераступаў нагамі. Быкаў.
знясі́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць бяссільным; аслабець, знемагчы. [Партызан] знясілеў дарэшты, патроны выстраляў, але аўтамата не кінуў. Карпюк. Сем дзён і сем начэй поўз салдат лесам, знясілеў ушчэнт і супакоіўся сярод росных траў і вільготных імхоў. Мікуліч.
знясі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Страціць сілы, зрабіцца слабым, бяссільным. Знясіліцца ад цяжкай работы. □ [Васіль] адужваў кволасць, адужваў сябе, касіў, пакуль не знясіліўся дарэшты. Мележ.
знясі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Пазбавіць сілы, зрабіць бяссільным; аслабіць. З кожным днём адчуваў [Сцяпан] сябе горш і горш. Нарэшце хвароба канчаткова знясіліла яго. Гроднеў. Відаць было, што крыві з раны выцекла шмат, і гэта знясіліла Антося. Чарнышэвіч.