Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стапі́цца, стопіцца; зак.

Растапіцца поўнасцю, да канца ад награвання. Сала стапілася.

стапі́ць, стаплю, стопіш, стопіць; зак., што.

1. Змяшаць, злучыць адно з другім, падаграваючы разам. Стапіць сала з воскам.

2. Растапіць усё да канца пры награванні. Стапіць масла.

стапта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаптаць.

2. у знач. прым. Збіты, зношаны (пра абутак). Стаптаныя каблукі. □ [Соня] нагнулася і камічна паказала на свае стаптаныя парусінавыя туфлі. Ракітны.

3. у знач. прым. Вытаптаны, здратаваны, прыбіты да зямлі (пра расліны). Няшчадна паліла чэрвеньскае сонца, раз-поразу прыходзілася кідацца з шашы ў стаптанае жыта, у хмызняк і, прыціснуўшыся да зямлі, слухаць, як са страшным свістам праносяцца над спіной «месершміты». Шамякін.

стапта́цца, стопчацца; зак.

Знасіцца, збіцца, скрывіцца, стаць непрыгодным для носкі (пра абутак). У Мінску я адпачыў і набыў сабе новыя шчыблеты, бо старыя стапталіся дарэшты. Бажко. [Партызаны] зноў у дарозе. І ўдзень і ўначы ідзе дробны золкі дождж. Нізка над зямлёй бягуць свінцовыя хмары. Восень. Да ўсяго, вопратка наша парвалася, абутак стаптаўся. Дзенісевіч. // Стаць непрыгодным ад доўгага карыстання (пра тое, па чым ходзяць). Стаптаны дыван. □ Прыступкі ганка раней былі белыя, мармуровыя, ды, відаць, стапталіся: заменены гранітам. «Маладосць». // перан. Пастарэць, аслабець, змарнець. Ляцеў дамоў і дома заўважаў, Што ўжо зусім стапталася бабуля І пастарэў, і занядужаў бацька. Чэрня.

стапта́ць, стапчу, стопчаш, стопча; зак., каго-што.

1. Хадой, яздой прыбіць да зямлі або вытаптаць, знішчыць (пра расліны). Стаптаць траву. □ Перад вачамі стаялі .. хлопцы [Марыны], якіх бачыў год назад — памагалі маці палоць лён, той, які стапталі танкі. Шамякін. Пасеяў .. [Саша] жыта, ды жаць не прыйшлося: Фашысцкія танкі стапталі калоссе, З зямлёй яны жыта змяшалі, з крывёй... Зарыцкі.

2. Задушыць, забіць. Стаптаць коньмі. // перан. Прынізіць, зняславіць; знішчыць. Усё пекла я зведаў кахання, Усе мукі яго скаштаваў, А ўсю радасць і рай мілавання Недруг вырваў, спаганіў, стаптаў. Купала. [Старшыня:] — Глядзі, Андрэй, стопчуць цябе калі-небудзь людзі за твой паганы характар! Ваданосаў. Маладосць тваю светлапраменную Вораг-кат не стаптаў, не сагнуў. Астрэйка.

3. Доўга носячы, зрабіць непрыгодным; знасіць (пра абутак). Не адну пару ботаў стаптаў Кудзелька па дарогах Расіі, пакуль вярнуўся ў свой Рудзенск змагацца за Савецкую ўладу. Рамановіч. Шмат за сваё жыццё стаптаў я ботаў, вандруючы па берагах шматлікіх рэк і рачулак. Ігнаценка. // Скрывіць, збіць на бок. Стаптаць абцасы.

4. Разм. Прайсці вялікую дарогу, доўгі шлях. Хадзілі яны [калекі вайны] аж да Кіцежа-града, Стапталі дарогу ў святую Казань, Хадзілі яны к стараверам у Кержанец, Паказвалі ўсім свае хворыя косткі, Расказвалі ўсім пра свае вочы. Куляшоў.

5. Разм. Напхаць, шчыльна і беспарадкава пакласці чаго‑н. куды‑н. Стаптаць усё ў чамадан.

6. Абл. Топчучы, злажыць, зрабіць стог і пад. [Мірон] з Казікам .. тады тапталі разам стог і стапталі яго, высокі і грузны. Кудравец. [Маня:] — Хіба баба стопча такі стог, як мужык? Васілевіч.

•••

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі стопчуць гл. качка.

стара...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «стары» (у 1, 4, 5 і 6 знач.), напрыклад: старабеларускі, старарускі.

стараабло́жны, ‑ая, ‑ае.

Які даўно не апрацоўваўся (пра ворную зямлю). Стараабложныя землі.

старабелару́скі, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з развіццём беларускай народнасці, мовы, культуры ў перыяд 14–17 стст. Старабеларускія помнікі пісьменнасці.

старава́ты, ‑ая, ‑ае.

Ужо не малады, крыху стары (у 1, 3 знач.). [Дзяўчына:] — А Даніла стараваты, А Кірыла сумнаваты, Выйду замуж я за Саву, Працавіты ён на славу. Дзеружынскі. — Здаецца, нічога, — адказаў ветэрынар, гледзячы каню ў зубы. — Стараваты, ды не зусім. У абоз. Якімовіч. // Не новы, устарэлы. [Васіль Ігнатавіч:] — Тут замінка ў тым, што ў цябе, Патапавіч, іншы раз думкі крыху стараватыя. Кулакоўскі.

стараве́р, ‑а, м.

Чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы. Хоць .. [пісар] чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада вырасла, як у добрага старавера. Колас. [Лявон:] А чаму стараверы выйгралі [справу па судзе], хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Купала. Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі, Народы гладзілі чарней ад засланкі. Барадулін. // перан. Чалавек, які прытрымліваецца ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад. Літаратурныя стараверы, эстэтычны густ якіх выхаваўся па папулярным шырспажыве, не зразумеўшы тое новае, што выходзіць з-пад пяра мастака, накідваюцца на яго з абвінавачваннямі. Пшыркоў.