стапта́ць, стапчу, стопчаш, стопча; зак., каго-што.
1. Хадой, яздой прыбіць да зямлі або вытаптаць, знішчыць (пра расліны). Стаптаць траву. □ Перад вачамі стаялі .. хлопцы [Марыны], якіх бачыў год назад — памагалі маці палоць лён, той, які стапталі танкі. Шамякін. Пасеяў .. [Саша] жыта, ды жаць не прыйшлося: Фашысцкія танкі стапталі калоссе, З зямлёй яны жыта змяшалі, з крывёй... Зарыцкі.
2. Задушыць, забіць. Стаптаць коньмі. // перан. Прынізіць, зняславіць; знішчыць. Усё пекла я зведаў кахання, Усе мукі яго скаштаваў, А ўсю радасць і рай мілавання Недруг вырваў, спаганіў, стаптаў. Купала. [Старшыня:] — Глядзі, Андрэй, стопчуць цябе калі-небудзь людзі за твой паганы характар! Ваданосаў. Маладосць тваю светлапраменную Вораг-кат не стаптаў, не сагнуў. Астрэйка.
3. Доўга носячы, зрабіць непрыгодным; знасіць (пра абутак). Не адну пару ботаў стаптаў Кудзелька па дарогах Расіі, пакуль вярнуўся ў свой Рудзенск змагацца за Савецкую ўладу. Рамановіч. Шмат за сваё жыццё стаптаў я ботаў, вандруючы па берагах шматлікіх рэк і рачулак. Ігнаценка. // Скрывіць, збіць на бок. Стаптаць абцасы.
4. Разм. Прайсці вялікую дарогу, доўгі шлях. Хадзілі яны [калекі вайны] аж да Кіцежа-града, Стапталі дарогу ў святую Казань, Хадзілі яны к стараверам у Кержанец, Паказвалі ўсім свае хворыя косткі, Расказвалі ўсім пра свае вочы. Куляшоў.
5. Разм. Напхаць, шчыльна і беспарадкава пакласці чаго‑н. куды‑н. Стаптаць усё ў чамадан.
6. Абл. Топчучы, злажыць, зрабіць стог і пад. [Мірон] з Казікам .. тады тапталі разам стог і стапталі яго, высокі і грузны. Кудравец. [Маня:] — Хіба баба стопча такі стог, як мужык? Васілевіч.
•••
Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі стопчуць гл. качка.