зняду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Страціць сілы, знясіліцца, аслабець. Хворая ссохла, збялела, знядужала..: адны косці, абцягнутыя тоненькаю скураю. Гарэцкі.
зняду́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Тое, што і знядужаць. Відаць, знядужыўся ад паездак па атрадах. М. Ткачоў.
зняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.); анямелы. [Тамара] стаяла сярод пакоя белая, як сцяна, знямелая. Арабей.
2. Які страціў адчувальнасць, гібкасць; здранцвелы. [Вісарыён] не мог павярнуць галавы, так балела знямелая шыя. Самуйлёнак.
3. перан. Застылы, пануры, маўклівы. Сярод цішы начной знямелай Калыска скрыпнула — раз, два. Колас. Трынаццаты дзень у дарозе. Трынаццаты дзень сярод знямелых гор. «Беларусь».
зняме́нне, ‑я, н.
Стан знямелага. Юзік не паварухчуўся. Нахіліўшыся з ліхтаром, Толік убачыў, што хлопец як бы застыў у зняменні. Вітка. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню гэтага апошняга прыпынку вечна клапатлівых і неспакойных людзей. Колас.
зняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць магчымасць гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.). Пятрок і Грышка знямелі ад страху, стаіліся каля печы і пазіралі на бацькоў перапалоханымі вочкамі. Колас. Ад гэтых слоў Звераў, здавалася, знямеў, ён не мог прамовіць ні слова. Алешка.
2. Страціць адчувальнасць, гібкасць; здранцвець. У Паўла і Віці ад хвалявання знямелі ногі: недзе тут павінен быць карабель, які панясе іх у космас. Шыцік.
3. перан. Сціхнуць, змоўкнуць, застыць у маўчанні. Нясцерпны боль пранізаў горла, коратка бліснула хмарнае неба, і ўсё назаўжды знямела. Быкаў. Плюхнула, нібы камень з разгону, ёмкая рыбіна. І зноў усё сціхла, змоўкла, знямела. Васілевіч.
знямо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.
Стан крайняй стомленасці, страты сілы; знясіленне, бяссілле. Суконка бег і бег, пакуль не паваліўся ад знямогі на зямлю ў густым яловым зарасніку. Паслядовіч.
знямо́гласць, ‑і, ж.
Стан знямоглага. Усё ж Цімошкін неяк устаў з долу і, перасільваючы ў сабе знямогласць, сеў на снезе. Быкаў.
знямо́глы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і зняможаны. Кандрат вярнуўся з дарогі брудны і знямоглы. Лобан.