Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

туркме́нка,

гл. туркмены.

туркме́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да туркменаў, які належыць, уласцівы ім. Туркменская мова.

туркме́ны, ‑аў; адз. туркмен, ‑а, м.; туркменка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. туркменкі, ‑нак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Туркменскай ССР.

турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.

1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.

2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».

•••

Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.

[Ад ням. Turm.]

турмалі́н, ‑у, м.

Мінерал крышталічнай будовы, разнавіднасці якога маюць самыя розныя колеры і прымяняюцца ў оптыцы, радыётэхніцы і ювелірнай справе. Малінавы турмалін.

[Ням. Turmalin.]

турмалі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турмаліну, уласцівы яму. Турмалінавы бляск. Турмалінавыя крышталі. // Які мае ў сабе турмалін. Турмаліпавая жыла. // З турмалінам, аздоблены турмалінам. Турмалінавы пярсцёнак.

ту́рман, ‑а, м.

Голуб асобай пароды, які мае здольнасць куляцца пры палёце. Турманы кружыліся над хатай. Аўрамчык.

турні́к, ‑а, м.

Гімнастычны снарад, які складаецца з перакладзіны, гарызантальна ўмацаванай на дзвюх стойках; перакладзіна. Да глыбокай восені Рыгор займаўся гімнастыкай на турніку, гантэлямі і абліваўся халоднай вадой. Рамановіч. Зямля падсохла, было цёпла, і хлопцы пасля ўрокаў галёкалі на школьным двары ля турніка. Навуменка.

[Ад фр. tourner — круціцца, вярцецца.]

турніке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Прыстасаванне ў выглядзе рухомай крыжавіны, што ўстанаўліваецца ў праходах, каб наведвальнікі маглі праходзіць толькі па аднаму.

[Фр. tourniquet.]

турні́р, ‑у, м.

1. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — спаборніцтва рыцараў. Галоўным у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек. Караткевіч. // перан. Выступленне адзін перад адным па якіх‑н. пытаннях. Тэмай вуснага турніру была выбрана праблема «Закон і мараль». «Маладосць». // перан. Пра шлюбныя змаганні жывёл і птушак. Мы ляжалі на кажухах, замаскіраваныя высокай, травой і кустамі, і не спускалі вачэй з паляны, абранай аленямі для сваіх штогадовых турніраў. В. Вольскі. Вясенні турнір заўсёды пачынаўся так: калі на ўсходзе нясмела займаўся золак, на самую вершаліну дрэва, што чарнела прыцемкам, садзіўся стары цецярук-такавік. Ігнаценка.

2. Форма правядзення асабістага ці каманднага спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або два разы. Шахматны турнір. Алімпійскі турнір футбалістаў.

[Ням. Turnier.]