турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.
1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.
2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».
•••
Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.
[Ад ням. Turm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)