мілагу́чны, ‑ая, ‑ае.
Прыемны на слых; які прыемна гучыць. □ Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Колас.
мі́ласцівы, ‑ая, ‑ае.
Які выказвае міласць, прыхільнасць, паблажлівасць; літасцівы. Аднак лёс быў неаднолькава міласцівым да Полацка і палачан. Васілевіч.
мі́ласціна, ‑ы, ж.
Ахвяраванне жабраку, бедняку. І зноў вагоны, зноў даўжэзная пакутлівая дарога. На станцыях [бежанцы] хадзілі прасіць міласціну, хоць рэдка калі ўдавалася што сабраць. Якімовіч.
мі́ласць, ‑і, ж.
1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.
2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.
•••
Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.
Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.
Міласці просім гл. прасіць.
На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.
Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.
Скажы на міласць гл. сказаць.
міласэ́рнасць, ‑і, ж.
Схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім‑н. [Сімон:] — Сплаці мне ўсё поўнасцю праз тыдзень, а то я ладам у суд .. Досыць ужо маёй міласэрнасці. Самуйлёнак.
міласэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Які выяўляе міласэрнасць; схільны рабіць дабро. Міласэрны чалавек. // Які з’яўляецца вынікам міласэрнасці. Міласэрны ўчынак.
•••
Міласэрная сястра гл. сястра.
мілата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.
Разм.
1. Чароўнасць, прыгажосць, абаянне чаго‑н. прыгожага. У Лявона на сэрцы неяк стала лёгка і соладка, калі адчыніў варотцы ў свой садок. Мілата і любата! Чарнышэвіч.
2. у знач. вык. Пра тое, што выклікае зачараванне, захапленне. [Барашкін:] — Хлопцы ў цябе растуць — мілата! Барыс жа ў армію пойдзе вясною. Савіцкі.
мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.
2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.
3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.
•••
Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.
мілі...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае тысячную частку адзінкі меры, названай у другой частцы слова, напрыклад: міліметр, міліграм, міліампер.
[Ад лац. mille — тысяча.]
мілігра́м, ‑а, м.
Адна тысячная частка грама.
[Ад лац. mille — тысяча і gramma — грам.]