Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыскава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дыскаваць.

дыскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Апрацоўваць глебу дыскавай бараной для разрыхлення яе верхняга слоя. Дыскаваць ворыва.

ды́скавы, ‑ая, ‑ае.

З рабочай часткай у выглядзе спецыяльнага дыска (пра машыны, механізмы). Дыскавая сеялка. Дыскавая барана. Дыскавая піла.

дыскамфо́рт, ‑у, М ‑рце, м.

Адсутнасць умоў, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці людзей, выканання пэўнай работы.

дыскамфо́ртны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыскамфорту.

ды́скант, ‑а, М ‑нце, м.

1. Высокі хлапечы голас, які адпавядае жаночаму сапрана. — Я сам паеду ў райком да Янушковіча, — аксамітны басок Бабейкі паступова ператвараўся ў дыскант. Хадкевіч. // Спявак з такім голасам.

2. Падгалосак над асноўным голасам у беларускіх і ўкраінскіх народных песнях.

[Лац. diskantus.]

дыскантава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да дыскантаваць.

дыскантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) дысконт (у 1 знач.). Дыскантаваць вэксалі.

дысканто́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дысканта. Дыскантовы голас. Дыскантовая партыя. Дыскантовыя струны.

дысканцёр, ‑а, м.

Фінансавая ўстанова або прыватная асоба, якая робіць улік вэксаляў або іншых пазыковых дакументаў, дыскантуе іх.