Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.

2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.

3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.

5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.

•••

Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.

Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).

чапра́к, ‑у, м.

Найбольш тоўстая і моцная частка скуры са спіны жывёлы, што ідзе на выраб падэшвы і для тэхнічных патрэб.

[Цюрк.]

чапурны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Прыбраны, прыхарошаны. Людзі бачаць, не дурныя, Цешчамаці! Ходзяць дзеўкі чапурныя — Не пазнаць іх. Дзяргай.

чапуры́стасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць чапурыстага.

чапуры́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць прыбірацца, чапурыцца. А Варка Федаскова, рыжанькая, жвавая, яшчэ чапурыстая маладуха, празвінела тонкім галаском: — А я ўжо гэта лета з гасцямі пабуду. Ракітны.

чапуры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Прыхарошвацца, адмыслова прыбірацца, прыводзіць сябе ў парадак. Пакуль чапурыліся калгасныя артысты, пакуль падыходзілі да стагоў людзі, Уладзімір Іванавіч паспеў што-нішто расказаць. Кірэйчык. Варка такі сябе глядзела: як толькі прыходзіла з поля, чысценька вымывалася, круцілася перад люстрам, запляталася, чапурылася і станавілася такою, хоць ты яе ў тэлевізар паказвай. Сабаленка. Дзедка пагаліўся, Стаў ён чапурыцца — Маладзей зрабіўся Так гадкоў на трыццаць! Валасевіч.

2. Надзімацца, натапырвацца (пра птушак). На прасторным двары Сімона чапурыўся дурны ганарлівы індык. Самуйлёнак.

чапуры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што.

Разм. Прыхарошваць, адмыслова прыбіраць.

чапяла́, ‑ы, ж.

1. Жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу скаварады. [Зося] спрытна выхапляе чапялою з печы скавараду. Крапіва.

2. перан. Зневаж. Пра высокага, няўклюднага чалавека. Дзе ж Кузьма? Куды падзеўся?.. Дзе ты, злыдзень касавокі? Хоць бы хто, як змёў віхор. Чапяла старая толькі Крадкам выпаўзла на двор. Броўка.

чапяльні́к, чапельніка, м.

Ручка ў чапяле. Курловіч стукнуў кашлем чапельніка аб падлогу, лоўка, як бы робячы з вінтоўкаю выпад к бою, сунуў чапялу ў печ. Дуброўскі.