чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.
2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.
3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.
4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.
5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.
•••
Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.
Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).