Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ча́ра, ‑ы, ж.

Паэт. Пасудзіна для піцця віна. А пасля па чары «Цынандалі» Вып’ем за здароўе тых сяброў, Што сягоння ў далёкіх далях Б’юцца за Бабруйск і Магілёў. Панчанка. Хочацца сціснуць далоні, У поглядзе дружбу спаткаць, Поўныя накіпам, звонам Хмельныя чары падняць. Танк. / у вобразным ужыванні. Я з кожным днём раблюся больш цвярозым, хоць з большай смагай чару п’ю жыцця. Дубоўка.

чарава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. чараваць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. чараваць (у 2 знач.). // Чароўная сіла чаго‑н.; зачараванне, замілаванне. Павольна цюкала сэрца, як бы адбіваючы подых сусвету, прыгожага да чаравання, вялікага да дзіва і магутнага да недасяжнасці... Гартны.

чарава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікім чэравам, жыватом. А ў калгасным табуне, сярод яго разнамаснага пагалоўя, і цяпер яшчэ многа чараватых, трошкі няскладных цягавічкоў — конікаў і кабыл. Ракітны. // толькі ж. Груб. Цяжарная. Вядро вады на табурэце і больш, здаецца, нічога. Поўная гармонія з абарванай чараватай дзеўкай. Чорны.

чарава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да чараваць.

чарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Паводле забабонных уяўленняў — уздзейнічаць чарамі, магічнымі прыёмамі на людзей. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан. // над чым і без дап. Разм. Займацца справай, незразумелай, таямнічай для акаляючых. Так і тупаў [Пракоп] па сваіх сотках ды прышчапляў-перапрышчапляў, чараваў, мудраваў сам-насам. Кавалёў. Саня мясіў цеста, узбіваў яечныя жаўткі, абсмажваў бульбяныя кубікі, чараваў над соусам, гатаваў «фірменны» салат з радыскі. Пінчук.

2. перан.; каго-што. Вабіць, захапляць; прыносіць асалоду. Глядзіш на іх [грыбы] — і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Колас. На гары высокай, Воддаль ад прысад, Чаравалі вока І палац і сад. Бядуля.

чараві́кі, ‑аў; адз. чаравік, ‑а, м.

Невысокі, да шчыкалаткі і крыху вышэй, скураны абутак на шнурках. Моцна грукаючы чаравікамі па мёрзлай зямлі, ішла.. рота чырвонаармейцаў. Чорны. [Каця] прытупіла вочы і наском чаравіка разграбала крупчасты снег. Каваль.

чараві́чкі, ‑аў; адз. чаравічак, ‑чка, м.

Памянш. да чаравікі. З гары было бегчы лёгка, і здавалася, што ўвесь час яго ножкі ў чырвоных чаравічках астаюцца ззаду. Скрыган.

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

чарадзе́й, ‑я, м.

1. Чараўнік, вядзьмар. Радзіся ты прарок ці чарадзей, А добры сад не вырасціш за дзень. Бічэль-Загнетава.

2. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе, чаруе чым‑н. — Ты, чарадзей, Ваня! — узнёсла вымавіла.. [Калашнікава], гледзячы на тонкую работу мастака. Новікаў. Ён [канькабежац] чарадзей. Сваім каньком — Вось гэта, бач, сенсацыя! — Зімою высякае гром... Вясновы гром авацыі. «Вожык».

чарадзе́йка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; Р мн. ‑дзеек; ж.

Жан. да чарадзей.