чыгі́р, ‑а, м.
Спец. Прасцейшы механізм для пад’ёму вады пры абвадненні невялікіх участкаў.
чыгу́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Сплаў жалеза з вугляродам, больш крохкі і менш коўкі, чым сталь, які прымяняецца для перапрацоўкі ў сталь і для вытворчасці літых вырабаў. Выплаўка чыгуну. Коўкі чыгун. □ Другі [сын] кажа [бацьку:] — На заводзе Быць хачу даўно я, Дзе чыгун ракою льецца, Дзе звініць сталь звонам. Купала.
2. ‑а. Гаршчок з такога металу. Таіса пачала ставіць міскі і талеркі на стол, дастала з печы чыгун. Паслядовіч. // Колькасць, аб’ём чаго‑н., што ўваходзіць у такі гаршчок ці пасудзіну, змесціва такога гаршка ці пасудзіны. З’есці чыгун баршчу. Сагрэць чыгун вады. □ Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.
чыгуналіце́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да выплаўкі, ліцця чыгуну (у 1 знач.). Чыгуналіцейны цэх. Чыгуналіцейная вытворчасць.
чыгуналіце́йшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца плаўкай чыгуну, ліццём чыгунных вырабаў.
чыгунаплаві́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і чыгуналіцейны. Чыгунаплавільны завод.
чыгу́начнік, ‑а, м.
Работнік чыгуначнага транспарту. Міхал Баўдзей зараз таксама быў безработным: яго зволілі са службы за ўдзел у забастоўцы чыгуначнікаў. Колас. Трэба аддаць належнае французскім чыгуначнікам, якія захоўвалі сталы парадак ва ўсім гэтым шуме і тлуме шматтысячнага патоку; пасажыраў. Лынькоў.
чыгу́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыгункі. Чыгуначная станцыя. Чыгуначны мост. Чыгуначны насып. □ А побач праходзіў чыгуначны шлях, Прарэзаўшы Нівы, лясы, гарады; Па ім несупынна па днях і начах З палёў Беларусі ішлі паязды. Броўка.
чыгуне́ц, ‑нца, м.
Абл. Чыгун (у 2 знач.). Тым часам гаспадыня дастала з печы чыгунец добра ўпаранай бульбы, .. унесла з пограба гуркоў і паставіла ўсё гэта на стол. Сабаленка.
чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.
2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.
3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.