чый 1, чыя, чыё; займ.
1. пытальны. Абазначае пытанне аб прыналежнасці каго‑, чаго‑н. каму‑н. Чый гэта лес? Чыя гэта хата? □ Чые гэта кіпці Упіліся ў горла Ніла? Панчанка. // З якой сям’і, з якога роду. — Чый жа ты будзеш? — спытаў я ў хлапчука. Бажко.
2. неазначальны. Разм. Чый-небудзь, чыйсьці. [Ліпа] брала кнігі ў рукі, гладзіла іх, раўняла або выпроствала лісткі.. Многа было ў яе чытачоў, і рэдка чыйго густу не ведала яна. Алешка.
3. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Не завіце безыменнымі Загінуўшых за волю, Над чыім курганам Помніка няма. Танк.
4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Броня:] Чаго.. [Шкуранкоў] нешта насуплены пайшоў?.. [Гудовіч:] Ды як жа!.. Дагэтуль сядзеў і чакаў, чыя возьме, а цяпер лічыць, што ўжо ўсё вырашана, і таму можна не саромецца. Крапіва. Ведае кошка, чыё сала з’ела. Прыказка.
5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Дачка:] — Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс ды вядзе ў руках, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. Якімовіч.
чый 2, ‑ю, м.
1. Высокі стэпавы кавыль, які расце ў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Сцябло чыю. Карэнне чыю.
2. Высушаныя сцёблы гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца для пляцення розных вырабаў, а таксама як сыравіна для папяровай і цэлюлознай вытворчасці. Цыноўка з чыю.
чы́йсьці, чыйсьці, чыёсьці; займ.
неазначальны. Які невядома каму належыць. Маленькія камарыкі-таўкунчыкі кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку. Колас. Я ўжо хацеў паспрабаваць шчасця, як раптам пачуў за спінай чыйсьці незнаёмы голас: — Ты што робіш тут, хлопчык? Шыловіч.
чый-не́будзь, чыя-небудзь, чыё-небудзь; займ.
неазначальны. Які належыць каму‑н. Тое, што Міканор збіраўся бурыць не чыё-небудзь, а сваё гумно, не давала супакаення. Мележ.
чый-нічы́й, чыя-нічыя, чыё-нічыё; займ.
неазначальны. Які належыць сяму-таму.