Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чын 1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — званне па табелю аб рангах, якое прысвойвалася дзяржаўным і вайсковым служачым і давала пэўныя саслоўныя правы і перавагі. Чын маёра. Павысіць у чыне. Чын калежскага асэсара. // ‑а. Разм. Пасада або асоба, якая займае пасаду. [Кульгавы:] — Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі старшым. А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах. Чыгрынаў.

2. ‑у. Адпаведны ранг, цывільнае званне ў работнікаў пракуратуры СССР. Чын сапраўднага дзяржаўнага саветніка юстыцыі. // Ступень службовага становішча. Афіцэрскі чын.

•••

Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца ў СССР пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.

Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.

Без чыноў — без цырымоній, папросту.

Па чыну — адпаведна званню, пасадзе.

Чын чынам (чынаром); чын па чыну — найлепш; так, як трэба.

чын 2, ‑у, м.

У Т адз. у спалучэнні з прыметнікам і займеннікам ужываецца ў значэнне спосаб, прыём; гэта спалучэнне адпавядае прыслоўю са значэннем дадзенага прыметніка або займенніка. Карэнным чынам. Пэўным чынам. Належным чынам. □ Чытка рукапісу трылогіі была перапынена самым нечаканым чынам. Лужанін. Муха.. падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў і куль. Шамякін. Чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай. Грамовіч. // У Т адз. у спалучэнні з некаторымі прыметнікамі і займеннікамі служыць для ўтварэння прыслоўяў і пабочных слоў, значэнне якіх залежыць ад значэння дадзенага прыметніка або займенніка. На плошчы было шмат людзей, галоўным чынам сялян. Гурскі. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся. Колас.

•••

Грэшным чынам (у знач. пабочн.) — трэба прызнацца; на жаль.

Ніякім чынам — ні ў якім разе.

чын 3, ‑а, м.

Абл. Месца скрыжавання нітак асновы, дзе ходзіць чаўнок; зеў. Маленькі Зміцер ляжаў на печы і паглядаў, як пераменьваюцца чыны ў кроснах, як бегае [чаўнок] і рытмічна пастукваюць набіліцы. С. Александровіч.

чы́на, ‑ы, ж.

Адна- або шматгадовая травяністая кармавая балотная расліна сямейства бабовых.

чынадра́л, ‑а, м.

Разм. пагард. Чыноўнік, бюракрат. «А помніце?.. — шумелі чынадралы. — І бацька ж іхні слыў за ліберала!..» Вялюгін.

чынанача́лле, ‑я, н.

Уст. іран. Іерархія чыноў ​1. Адносіны, заснаваныя на чынаначаллі.

чына́ра, ‑ы, ж.

Дрэва сямейства платанавых; усходні платан. Ах, якая пагода Для купання, загару! Ні расы на чынарах, Ні туману, ні хмары! Танк.

чына́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чынары. Чынаравае лісце.

чынашанава́нне, ‑я, н.

Уст. іран. Празмернае шанаванне малодшымі старшых па службе, чыну, званню.

чыні́цца, чыніцца; незак.

1. Рабіцца, дзеяцца. Палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур[эй], парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. Колас. Допыты чыніліся [гестапаўцамі] кожную ноч. Спачатку толькі вялі допыт — абразліва, груба. Потым пачалі біць. «Маладосць».

2. Зал. да чыніць.

чыні́ць, чыню, чыніш, чыніць; незак., што.

1. Рабіць, учыняць, тварыць. Чыніць суд і расправу. □ Ніякай бяды.. [рака] ніколі не чыніла: не пагражала людзям разлівам, не размывала берагоў, не шумела злоснай пенай. Кулакоўскі. Як у хаты рабункі чыніць Панаедуць чужыя салдаты, Сэрца ўраз зашчыміць, зашчыміць — Бо ўмясціла ўсе хаты. Куляшоў. Запас бяды не чыніць. Прымаўка. // Ствараць, утвараць; ставіць. Амерыканскія ўлады чынілі розныя перашкоды савецкім журналістам. «ЛіМ».

2. Рабіць кудзелю. Дзяўчаты чынілі кудзелю.

чы́ннасць, ‑і, ж.

1. Кніжн. Дзейнасць. Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. Колас. Першым актам чыннасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Навуменка.

2. Уласцівасць чыннага (у 2 знач.). Колькі чыннасці, пагляньце, Колькі важнасці ў хадзе! Туфлі рыпаюць пад глянцам: «Прэч з дарогі! Туз ідзе!». Гілевіч. А ў залах тых чынна. Манішкі і фракі. Не верце ў чыннасць! Вось доларам бразнуць — І зноўку на мір наш пачнуцца атакі. Панчанка.