чык, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння кароткага, адрывістага трэску, ляску і пад. У хаце на сцяне ад вуліцы чыкалі ходзікі — .. [Андрэю] здалося, што ён яшчэ ўсё клеп[л]е касу: чык-чык... Пташнікаў.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле дзеясл. чыкаць — чыкнуць. Нажом чык — і пальца няма. □ Крайко пачытаў і чык — рэвалюцыю: разглядаць на праўленні. Савіцкі.
чы́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Аляксей пачуў у адной [машыне] роўнае мернае чыканне, як у гадзінніка. Мележ.
чы́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Валаводзіцца, марудзіць, важдацца. [Сцёпка:] — Ясна, што з ім [Ворсам] доўга чыкацца не будуць, .. скора раскулачаць. Каваль.
чы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць кароткія, рытмічныя гукі, якія перыядычна паўтараюцца (звычайна пра механізмы). На руцэ Міхася чыкаў мой гадзіннік. Савіцкі.
2. што і без дап. Разм. Хутка, з рэзкім, кароткім гукам рэзаць, сячы і пад. «Чы-чы-чы, чы-чы-чы!» — лёгка, з тугім картавым трэскам чыкае.. [Зінін] быстры нож. Кудравец.
чыкільга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чыкільгаць.
чыкільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Ісці, кульгаючы, прыпадаючы на адну нагу. Лёнік ужо не бяжыць і не ідзе, а чыкільгае, час ад часу неяк смешна падскокваючы. Марціновіч. Прыпадаючы на левую нагу, .. [Язэп] чыкільгаў хутка, як толькі мог. Асіпенка.
чыкіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Тое, што і чыкільгаць. — А браткі мае, а што ж гэта будзе, — чыкіляў каля варот дзядзька, не ведаючы, ці слухацца Сільвановіча. Арабей.
чыкірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Спец. Апрацоўваць спілаваныя дрэвы і падцягваць іх з месца нарыхтоўкі да дарогі; траляваць. Як і раней, жыццё кіпела на беразе і ў лесе: на прарабскіх лесасечных участках валілі дрэвы, чыкіравалі і вывозілі хлысты да эстакад. Карамазаў.
чыкіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чыкіраваць.
чыкіро́ўшчык, ‑а, м.
Спец. Рабочы, які займаецца чыкіроўкай; тралёўшчык.