чым 1, злучн.
1. злучн. параўнальны. Ужываецца для сувязі параўнальных сказаў і членаў сказа са значэннем параўнання, супастаўлення, якія паясняюць у галоўным сказе прыслоўе ці прыметнік у форме вышэйшай ступені параўнання. Хутчэй перасохнуць крыніцы ды рэкі, Чым клятву парушу сваю. Бялевіч. Чым па-рабску жыць на каленях, лепей стоячы паміраць! Таўлай. [Паўліна:] Не, сваток, нас такім козырам не заб’еш. Мы крыху дужэйшыя, чым ты думаеш. Крапіва. Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.
2. злучн. супастаўляльны. Падпарадкоўвае даданыя супастаўляльныя сказы і часткі сказа пры суадносным слове «тым» у галоўным сказе. І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.
3. Уваходзіць у склад састаўнога непадзельнага злучніка «перш чым», пры дапамозе якога падпарадкоўваюцца даданыя часавыя сказы. Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне... Зарэцкі. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана Томчака. Бажко.
чым 2,
гл. што 1.
чы́мся 1, злучнік параўнальны.
Разм. Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў, якія паясняюць адзін з членаў сказа ў форме вышэйшай ступені параўнання. Пацяжэлае сонца апускалася за ракою і адтуль асвятляла зямлю, ваду, далёкі грэбень лесу. У тым святле было куды больш, чымся ў ранейшым, мяккасці і чысціні. Карамазаў. Не абрываючы формы ад зместу, паэтэса большую ўвагу надавала зместу, ідэі, чымся форме. Клімковіч.
чы́мся 2, займ. неазначальны.
Разм. Тое, што і чымсьці. Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына. Колас.