Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чысло́, ‑а, н.

Дзень у парадкавым радзе іншых дзён гэтага месяца; дата. «Які ж сёння дзень і якое чысло?» — задумаўся Толя. Якімовіч.

чы́ста,

1. Прысл. да чысты.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.

3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.

•••

Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.

чыставі́к, ‑а, м.

Разм. Чыставы рукапіс, варыянт чаго‑н. Валя перапісвала ў чыставік укладанне па літаратуры. Васілевіч. / у вобразным ужыв. Пачнём нанова сёння, дарагая, Свайго жыцця суровы чыставік. Вялюгін.

чыставы́, ‑ая, ‑ое.

1. Перароблены, перапісаны начыста; выпраўлены. У чыставым рукапісе камедыі [«Паўлінка»] драматург імкнецца выразней падкрэсліць, што Адольф — бессаромны лгун. Ярош. // Прызначаны для запісаў начыста. Чыставы сшытак.

2. Спец. Прызначаны для канчатковай апрацоўкі дэталей. Чыставы разец.

чыстага́н, ‑у, м.

Разм. Наяўныя грошы. Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган, Што заграбае чыстаган, Не цяжка дагадацца: Вы гляньце цераз акіян — На іх «свабоднае» мастацтва. Крапіва.

чыстагатунко́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць чыстагатунковага. Чыстагатунковасць насення.

чыстагатунко́вы, ‑ая, ‑ае.

Адборны, чыстага гатунку. Чыстагатунковая бульба. Чыстагатунковае зерне.

чыстакро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Чыстакроўная, пародзістая жывёліна.

чыстакро́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чыстакроўнага (у 1 знач.). Чыстакроўнасць пароды.

чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.

2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.