Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чатырна́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да чатырнаццаць. Вось прайшла пад акном суседчына Нэлька. Ёй пайшоў чатырнаццаты год, і яна ўжо трымаецца, як дарослая, нявеста. Ракітны.

чатырнаццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Узростам у чатырнаццаць гадоў. На другі дзень палова вёскі ўступіла ў калгас, і ў ліку першых — яе Сяргей, чатырнаццацігадовы гаспадар. Шамякін.

2. Працягласцю ў чатырнаццаць гадоў. Чатырнаццацігадовы перыяд.

чатырна́ццаць, ‑ццаці, Т ‑ццаццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 14. Чатырнаццаць дзеліцца на 2. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 14. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Было яму чатырнаццаць гадоў. Колас.

чатырох...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з чатырох частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: чатырохкласны, чатырохпакаёвы, чатырохтомны, чатырохпавярховы; 2) які мае чатыры аднолькавыя прадметы, прыкметы, уласцівасці і пад., напрыклад: чатырохвугольны, чатырохматорны, чатырохстопны; 3) колькасцю, мерай, коштам у чатыры якія‑н. адзінкі, напрыклад: чатырохбальны, чатырохметровы, чатырохрублёвы.

чатыроха́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з чатырох актаў. Чатырохактная драма.

чатырохакто́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і чатырохактны.

чатырохбако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае чатыры бакі; размешчаны з чатырох бакоў. Чатырохбаковая вежа. Чатырохбаковая прызма.

2. З удзелам чатырох бакоў. Чатырохбаковая згода. Чатырохбаковае пагадненне.

чатырохба́льны, ‑ая, ‑ае.

Сілаю ў чатыры балы. Чатырохбальны вецер. □ Штарміла. Не надта, праўда, але і чатырохбальнай сілы хапала, каб страціць сон, бо да гэтых чатырох прымешваліся яшчэ і балы свайго душэўнага неспакою, які ўсчаўся нечакана і хуткага зацішку не абяцаў. Карамазаў.

чатырохвале́нтны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які здольны звязаць чатыры атамы вадароду.

чатырохво́севы, ‑ая, ‑ае.

Які мае чатыры восі.