чай, ‑ю, м.
1. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак. Пачак чаю. □ Абсалям Чыка тлумачыць нам, як трэба гатаваць чай па-мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукру, колькі можа змясціцца ў чайніку. В. Вольскі. // Вечназялёная расліна, дрэва або куст, сямейства чайных, з лісця якой атрымліваюць духмяны напітак. Куст чаю.
2. Гарачы напітак, настоены на лісці гэтай расліны. Напіўшыся чаю, дзед сказаў: — А ты, сынку, што, вячэраць не будзеш? Якімовіч. Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю. Ваданосаў. // Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які замяняе такі напітак. Знялі чайнік з агню і пачалі піць духмяны, завараны на .. ліпавым цвеце чай. Капыловіч.
3. Працэс піцця такога напітку. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці. Бяганская.
•••
Зялёны чай — разнавіднасць чаю, які дае зеленавата-жоўты настой з моцным пахам і гаркавата-вяжучым смакам.
Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.
На чай — як узнагароду за дробныя паслугі (даць, атрымаць і пад.); чаявыя.
ча́йка 1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.
Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.
•••
Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).
ча́йка 2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.
1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.
2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.
ча́йкавыя, ‑ых.
Сямейства вадаплаўных птушак, да якога адносяцца чайкі.
чайна́я, ‑ой, ж.
1. Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці. Шафёр спыніў машыну каля чайной. Тут можна было выпіць шклянку чаю, перакусіць. Ермаловіч. Яўген вылез з аўтобуса, забег у чайную, выпіў шклянку гарбаты і весела паджгаў у вёску. С. Александровіч.
2. Уст. Пакой, у якім п’юць чай. Талерка стаіць на століку ў чайной (так завецца маленькі пакой, дзе гатуюць чай). Васілевіч.
чайнво́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Род задачы-галаваломкі на адгадванне слоў, размешчаных у клетачках такім чынам, што апошняя літара папярэдняга слова з’яўляецца першай літарай наступнага і г. д.
[Англ. chain — ланцуг і word — слова.]
ча́йнік, ‑а, м.
Пасудзіна з носікам і ручкай, у якой заварваюць чай або гатуюць ваду. Чайнік на прымусе кіпеў, аж пырскаў. Лобан.
ча́йніца, ‑ы, ж.
Пасудзіна для захоўвання сухога чаю.
ча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.
2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.
•••
Чайная ружа гл. ружа.
Чайны грыб гл. грыб.
чайхана́, ‑ы, ж.
Чайная (у 1 знач.) у краінах Сярэдняй Азіі і ў Іране. Падышах памаленьку праз горад ідзе, на сады пазірае, на розных людзей. Як працуюць яны, як гуляюць яны... Так, урэшце, дайшоў да адной чайханы. Дубоўка. Па лепшай зурне ў чайхане Вас прывітаюць там [у кішлаках]. Броўка.
чайха́ншчык, ‑а, м.
Утрымальнік чайханы або чалавек, які прыслужвае ў чайхане, падае стравы.