Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чацве́р, ‑вярга, м.

Чацвёрты (пасля нядзелі) дзень тыдня. У чацвер у калгас прыйшлі трактары. Асіпенка.

•••

Не цяпер, дык у чацвер гл. цяпер.

чацвертава́ць, ‑вяртую, ‑вяртуеш, ‑вартуе; зак. і незак., каго.

Разм. Тое, што і чвартаваць. «Не можа быць, каб гэта быў ён? — не даваў усё яшчэ сабе веры Андрэй. — Яго ж, хадзіла чутка, чацвертавалі».

чацверыко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чацверыка (у 1 знач.). Чацверыковы куль мукі.

2. Разлічаны на чатыры кані. Чацверыковая запрэжка.

чацвёра, чацвярых, ліч. зб.

Чатыры. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Жанчыну пахавалі, чацвёра сірот засталося. Лось; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Тыя чацвёра, што асталіся ў пакойчыку, доўга іх [хлопцаў] чакалі. Навуменка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Чацвёра парасят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Чацвёра саней. Чацвёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было чацвёра.

чацвёрачнік, ‑а, м.

Разм. Вучань, студэнт, які пастаянна атрымлівае чацвёркі.

чацвёрачніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да чацвёрачнік.

чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі. Якімовіч. Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі. Кавалёў.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.

4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы. Бядуля.

5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.

чацвёртакла́снік, ‑а, м.

Вучань чацвёртага класа.

чацвёртакла́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да чацвёртакласнік.

чацвёртаку́рснік, ‑а, м.

Студэнт або навучэнец чацвёртага курса.