Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чапа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чапаць.

чапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад чапаць.

чапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Дакранацца, датыкацца да чаго‑н. Пайшла [Марыля] зноў. Пасміхаецца, як бульбяныя жывыя лісточкі мякка чапаюцца за калені. Брыль. // Нападаць на каго‑н., біць. [Янка:] — Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я збег ад пана Замыжнага. Гартны.

2. Прыставаць да каго‑н., займацца з кім‑н. — Ты чапаешся з Грубэравымі прадаўшчыцамі, а яны яшчэ козы. Табе трэба не тое, ты мужчына. Брыль. Іншы раз у такіх выпадках Віця ўцякаў, ці прасіў не чапацца, ці палохаў, што паскардзіцца настаўніцы. Марціновіч.

ча́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці павольнай хадой, не спяшаючыся. [Лукаш:] — Наташачка, па бутэльцы піва яшчэ. Ну, давай, чапай. Лобан. [Сашка:] — Да зубнога дык гэта ж трэба чапаць аж у Глыбокае, больш трыццаці кіламетраў. Машара.

чапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што і чаго.

1. Дакранацца, датыкацца да каго‑, чаго‑н. Калі хлопец чапае яго .. босаю нагою, кот абараняецца лапаю і бурчыць. Крапіва. Нязвыкла слухаць, як плугі чапаюць каменне. Пташнікаў. // (звычайна з адмоўем «не»). Браць што‑н., карыстацца чым‑н. (звычайна чужым, без дазволу). [Бацька:] — От я ж цябе [Юрку] зараз адвучу, як чапаць тое, што да цябе не належыць. Чорны. Усіх сялян моцна збілі бізунамі, а Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. // Закранаць, турбаваць каго‑н.; крыўдзіць. [Кастусь:] — Волечка, не чапай мамы. Няхай спіць! Нікановіч. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць яе [цёткі], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі. // перан. Хваляваць, расчульваць. Стары так думаў, а музыка вярэдзіла яго сэрца, глыбока чапала яго, і слёзы, дзіўныя, неадчувальныя слёзы цяклі самі сабою з сухіх выцвілых вачэй. Кірэенка. // (звычайна з адмоўем «не»). Апрацоўваць што‑н., карыстацца чым‑н., брацца за што‑н. На старанна паголеных [дзедавых] шчоках.. — заўтра нядзеля! — свіцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку. Кудравец. Бохан белага хлеба, што .. [Барашкін] прывёз, .. [маці] не чапала, толькі патрымала ў руках, зноў паклала на месца. Савіцкі. // (звычайна з адмоўем «не»). Нападаць на каго‑, што‑н. — Тут — спакой: воўк і той Не чапае авец Бліз бярлогі сваёй. Куляшоў. [Іван:] — Удар павінен быць хуткі і рашучы. Калі будзе больш за дзве машыны, — не чапаць. Новікаў.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Знішчаць, вынішчаць; прыносіць шкоду каму‑, чаму‑н. Калі ўбачыш часам іх [баброў], Не чапай Звяркоў рачных. Дзеружынскі. Выявілася, што тут нічога складанага няма. Трэба вырываць усю лішнюю траву і не чапаць жыта. Якімовіч. / у перан. ужыв. Хвала зямлі, дзе ворагаў няма, Дзе не адна ў снягі лягла навала. А рускіх наша руская зіма Яшчэ ў жыцці ніколі не чапала. Сербантовіч.

3. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Кранаць, цікавіць. [Гаруе:] — Ты .. цікавішся гэтаю справаю, а мне стараешся паказаць, што цябе нічога гэта не чапае. Чорны.

4. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Успамінаць што‑н., закранаць у размове што‑н. (часцей крытыкуючы). — Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш, — заступіўся фельчар за сваю прафесію. Колас. [Дзед Сымон:] — Ты майго, браце, рамяства не чапай. Лынькоў.

чапе́льнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і чапяльнік. Затым.. [Гарвась] ідзе да качарэжніка, доўга гаўкае, не знаходзіць чапельніка, і нечакана заўважае новы, акуратна выгаблеваны. Хадановіч.

чапе́ц, ‑пца, м.

1. Лёгкі галаўны ўбор у выглядзе шапачкі, які раней насілі замужнія жанчыны. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Караткевіч. Раздзялілі косачку дый на дзве касы, Абматалі косачку вакол галавы, Надзелі на косачку шаўковы чапец, Ды ўжо таго чэпчыка павек не скідаць. З нар.

2. Спец. Складка брушыны, якая ахоплівае і падтрымлівае тонкія кішкі.

чапі́цца, чаплюся, чэпішся, чапіцца; незак.

Разм.

1. Зачэплівацца за што‑н. Пастушка не бароніць шкоды, А мацае ў траве рукой. Далей сігае, як бусліха, За косы чэпіцца ассё... Лось.

2. перан. Прыдзірацца да каго‑, чаго‑н., прывязвацца да каго‑, чаго‑н. Паліцыі там няма, і хіба цяжка лясным хлопцам зрабіць для Міці паслугу. Тады ў немцаў не будзе падстаў чапіцца да сям’і. Навуменка. [Нэлі:] — Зноў да слова чэпішся? Нельга так. Ты сталы чалавек, і я цябе ад душы віншую... Савіцкі. — Ну а чаго, уласна кажучы, чапіцца да гэтага колеру? Чырвоны, дык чырвоны. Чаркасаў. // Прыставаць да каго‑н. з якім‑н. намерам, патрабаваць настойліва чаго‑н. А .. [Пэпік], як толькі выйду на вуліцу, і целяпаецца ўслед за мною, як хвост. І ўсё чапіцца, страшыць, пагражае. Сачанка. — Чапіцца да .. [Валі] тамашні бургамістр, гэты гарбаты граф Паўзуновіч. Шашкоў. // Назаляць, дапякаць каму‑н. — Чаму, мама, Собіны наплачуцца з Колем? — чапіцца да мацеры Шура. Васілевіч. Часцей напіўся з адным .. запытаннем чалавек з перавязанай рукой: — Ды ці хутка мы дапаўзём. Лынькоў.

чапі́ць, чаплю, чэпіш, чэпіць; зак., каго-што і чаго.

Разм. Закрануць, зачапіць. [Юзік:] — А мяне адвялі на перавязачны пункт, а адтуль павезлі ў Адэсу ў шпіталь. Куля чапіла касці. Крапіва. Такіх дубоў цяпер рэдка дзе ўбачыш. Іх не чапіла рука людская. Колас.

ча́пля, ‑і, ж.

Балотная птушка сямейства галянастых з вялікай дзюбай і доўгай шыяй. На адным канцы балота Была хата Жураўля, На другім канцы балота Чапля шэрая жыла. Танк. Звіслі над хвалямі сосны. Чапля рыбачыць ідзе. Карызна.

чапля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чапляцца і чапляць.