чад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Удушлівы атрутны газ, які ўтвараецца пры няпоўным згаранні вугалю ва ўмовах недастатковага прытоку паветра. Пакой дыхнуў цеплынёю і чадам, толькі што юшку закрылі, мусіць. Галавач. У хаце не было цяпла, хаця Волька зачыніла юшку яшчэ разам з чадам, і ці не ад таго ў Аркадзя пачынала балець галава. Пташнікаў.
2. Едкі, удушлівы дым, які ўзнікае пры гарэнні чаго‑н. (звычайна тлушчу). На кухні быў чад і прагорклы смурод апаленага пер’я і перасмажанага тлушчу. Самуйлёнак. // перан.; які або чаго. Моцны, насычаны пах чаго‑н. Расы хараство і на вейках, Узятае ў волкіх раслін, У руж, у альшэўнікаў клейкіх І хмелю, што чад свой разліў. Калачынскі. Ад канаплянага чаду баліць галава. Навуменка.
3. перан. Тое, што моцна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, на яго свядомасць. Брыль вельмі праўдзіва і канкрэтна-гістарычна паказаў, як фашысцкі нацыяналістычны чад адурманьваў усё больш шырокія пласты нямецкага насельніцтва. Дзюбайла. Алесь бачыў усё гэта на свае вочы — і разгул расізму, і пратэст супроць шавіністычнага чаду. Юрэвіч. // Пра стан самазабыцця, захаплення. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. Маладзейшыя за яго [Віктара] хлопцы.. шчыра зайздросцілі Віктараваму шчасцю, дзяўчаты наперабой загаварвалі з ім, а Цімохава дачка Фруза ўвесь час тулілася да яго.. У нейкім чадзе мінула тры дні. Асіпенка. // Хмель. Калі выйшаў вінны чад, Ной устаў, судзіць пачаў. Крапіва.
ча́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Атручвацца чадам.
2. Разм. Тое, што і чадзіць. Неўзабаве Ганна ўжо сядзела.. перад комінкам, на якім палала, чадзела лучына. Мележ.
чадзі́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Куродымець, курэць, вылучаць пры гарэнні чад (у 2 знач.). Чадзіў ліхтар «лятучая мыш», было душна, смярдзела прэлымі анучамі. Шамякін. Лямпы чадзілі, і шкло на абедзвюх было закуранае. Арабей.
2. Напускаць чаду куды‑н., дыміць чым‑н. [Васіль] дастаў цыгарэту, але не стаў чадзіць у вагоне. Гроднеў.
ча́дна,
1. Прысл. да чадны.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чаду дзе‑н. У хаце ад пячуркі цяплынь і крыху чадна. Галавач.
ча́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Насычаны, напоўнены чадам. Аднойчы, седзячы ў бруднай і чаднай карчомцы, якую наведвалі толькі «свае», цэдзячы праз зубы густое і горкае пітво, Юткевіч угледзеў новага наведвальніка. Мікуліч. І хоць заходзіў Дзіма да маткі на якую часіну, але заўсёды выходзіў адтуль [з тытунёвай фабрыкі] з перасохлым горлам і цяжкімі грудзьмі, нібы з чаднай лазні. Якімовіч.
2. Які чадзіць, куродыміць. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах хаты, перакінуліся на страху. Лынькоў. // Уласцівы чаду. І далятае пах смаляны І чадны гар да нас сюды. Звонак. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.
3. перан. Які дурманіць, затуманьвае свядомасць. Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы.. [Павел] выйшаў за вёску. Грахоўскі.
•••
Чадны газ гл. газ.
чадра́, ‑ы, ж.
Лёгкае пакрывала, якім, выходзячы з хаты, захутваюцца жанчыны-мусульманкі з галавы да ног. Мусульманка скінула чадру і адкрыла свой твар. «Маладосць». Юныя танцоўшчыцы-арабкі скінулі ў нашу чэсць чадру. Панчанка.
[Цюрк.]