чака́, ‑і, ДМ чацэ, ж.
Дэталь, якая замацоўвае ўзрывальнік ручной гранаты для засцярогі ад нясвоечасовага выбуху. Рыгор узяў паданы Арэшкам канец шнура, прымацаваў яго да чакі ўзрыва[льніка]. Краўчанка. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўварвалася. Яўген, не выцягнуў чаку. Новікаў.
чака́льны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з чаканнем; які выражае чаканне; насцярожаны. Чакальная тактыка. Чакальная поза. □ Клопікаў .. глядзеў на Вейса тым чакальным і лагодным позіркам, якім глядзяць на гаспадара добрыя спраўныя сабакі. Лынькоў.
чака́льня, ‑і, ж.
Разм. Пакой для чакання. Барадач агледзеў чакальню і, пераканаўшыся, што яшчэ нікому не надакучыла слухаць пераказы розных гісторый і здарэнняў, пачаў [расказваць] не спяшаючыся. Сачанка.
чака́н 1, ‑а, м.
1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).
2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).
3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).
4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.
чака́н 2, ‑а, м.
Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.
чака́ненне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаканіць.
чака́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад чаканіць.
чака́ніцца, ‑ніцца; незак.
1. Паддавацца чаканцы. Медныя пласціны лёгка чаканяцца.
2. Зал. да чаканіць.
чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.
2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.
3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.
4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.
чака́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаканіць.
2. Р мн. ‑нак. Рэльефны, па-мастацку выкананы адбітак на паверхні металічных вырабаў. Рубель шыбуе мой Да новай вышыні, Чаканкай залатой Па ўсёй зямлі звініць. Непачаловіч. // Мастацкі выраб з такім адбіткам. Падарыць чаканку.
3. У тэхніцы — апрацаваная паверхня металу, загладжаная шчыліна і пад.
чака́нкі, ‑нак; адз. няма.
У выразе: чаканкі паесці гл. паесці.