чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.
2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.
3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.
4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.
5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.
6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).