Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уся́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Кожны, любы. Усякі раз адно і тое ж. □ — Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін. — Я разабраўся. Дзяўчына прыйшла да мяне са слязамі. — Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль... Шамякін. Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. // у знач. наз. уся́кі, ‑ага, м.; уся́кая, ‑ай, ж. Кожны, любы чалавек. [Бацька:] — Не ўсякі любіць горыч і кіслату, не ўсякі мае моц, сілу. Баранавых.

2. Розны, усялякі. Вокны забіты, заложаны лучынаю, усякім рыззём. Колас. Усякія наведванні страшэнна стамлялі нашага хворага і нават больш — чамусьці раздражнялі. Васілевіч. / у знач. наз. уся́кае, ‑ага, н. — Глупства! — засмяяўся Гамрэкелі і дакрануўся да пляча Арцёма. — Між суседзямі ўсякае здараецца. Самуйлёнак.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б то ні быў. Без усякай мэты. Без усякіх цяжкасцей.

•••

Без усякай задняй думкі гл. думка.

Без усякіх; без (усяго) усякага — адразу, прама; безагаворачна.

Ва ўсякім выпадку гл. выпадак.

Ва ўсякім разе гл. раз ​1.

На ўсякі выпадак гл. выпадак.

Усякая ўсячына гл. усячына.

усяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. усяляць — усяліць (у 1 знач.) і усяляцца — усяліцца (у 1 знач.).

усяле́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Сусветны.

•••

Усяленскія саборы — а) агульнацаркоўныя з’езды прадстаўнікоў вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы (4–8 стст.); б) з’езды біскупаў каталіцкай царквы, што склікаліся рымскім панам для вырашэння царкоўных пытанняў (10–20 стст.).

усялі́цца, усялюся, уселішся, уселіцца; зак.

1. Заняць месца на пражыванне; пасяліцца. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад краквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Краўчанка.

2. перан. З’явіўшыся, апанаваць, агарнуць (пра пачуцці, думкі і пад.). [Дзеці] баяліся якіх-небудзь геройскіх учынкаў свайго брата. У дзіцячыя душы ўсяліўся жах. Федасеенка.

усялі́ць, усялю, уселіш, уселіць; зак., каго-што.

1. Пасяліць на жыхарства. Усяліць новых жыхароў у кватэру.

2. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, пасеяць якія‑н. думкі. Пісьмы развеялі крыўду, замест яе ўсялілі надзею, нейкае светлае, нязведанае дагэтуль пачуццё да бацькі. «Звязда».

усяля́к, прысл.

Разм.

1. Па-рознаму, неаднолькава. Усяляк паміж жонкаю і мужам бывае. Бядуля.

2. Усімі спосабамі, усяк. Валя бачыла, што маці стараецца ўсяляк адгарадзіць яе ад бурлівых падзей. Сіняўскі. [Марыя] кахала.. [Аляксея]. Кахала і ўсяляк старалася ўтаіць ад каханага сваю беднасць. Шашкоў.

усяля́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Самы разнастайны, розны. Ламачча ўсялякага тут хапала, хоць гаць гаці. Гурскі. Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны. / у знач. наз. усяля́кае, ‑ага, н. У жыцці здараецца ўсялякае, і нельга яшчэ з аднаго факта рабіць вывады. Дзятлаў.

2. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б там ні быў. Дзень прайшоў без усялякіх здарэнняў. Новікаў. — [Хлопец] ужо два разы назначаў мне спатканне, — без усялякай хітрасці казала Ліна. Алешка. Сяброўкі хацелі ўкутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч.

усяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да усяліцца.

2. Зал. да усяляць.

усяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усяліць.

усяме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца ўсімі мерамі, усімі спосабамі, сродкамі. — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль.