уся́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
1. Кожны, любы. Усякі раз адно і тое ж. □ — Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін. — Я разабраўся. Дзяўчына прыйшла да мяне са слязамі. — Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль... Шамякін. Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. // у знач. наз. уся́кі, ‑ага, м.; уся́кая, ‑ай, ж. Кожны, любы чалавек. [Бацька:] — Не ўсякі любіць горыч і кіслату, не ўсякі мае моц, сілу. Баранавых.
2. Розны, усялякі. Вокны забіты, заложаны лучынаю, усякім рыззём. Колас. Усякія наведванні страшэнна стамлялі нашага хворага і нават больш — чамусьці раздражнялі. Васілевіч. / у знач. наз. уся́кае, ‑ага, н. — Глупства! — засмяяўся Гамрэкелі і дакрануўся да пляча Арцёма. — Між суседзямі ўсякае здараецца. Самуйлёнак.
3. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б то ні быў. Без усякай мэты. Без усякіх цяжкасцей.
•••
Без усякай задняй думкі гл. думка.
Без усякіх; без (усяго) усякага — адразу, прама; безагаворачна.
Ва ўсякім выпадку гл. выпадак.
Ва ўсякім разе гл. раз 1.
На ўсякі выпадак гл. выпадак.
Усякая ўсячына гл. усячына.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)