скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.
2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.
скудла́ціцца, ‑лачуся, ‑лацішся, ‑лаціцца; зак.
Разм. Стаць кудлатым; растрапацца. Валасы скудлаціліся.
скудла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; зак., каго-што.
Разм. Зрабіць кудлатым; раскудлаціць. Заенчыў і вецер хаўтурна, скудлаціў дзяўчат валасы. Дубоўка.
скудла́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скудлаціць.
2. у знач. прым. Разм. Зблытаны, растрапаны, непрычасаны (пра валасы, лён і пад.). Атаман падышоў і стаў .. [Гэльку] гладзіць па скудлачаных валасах. Чарот.
скудла́чыць, ‑лачу, ‑лачыш, ‑лачыць; зак.
Разм. Тое, што і скудлаціць. Віхор не дасць спакою [бярэзінцы] сваімі пацалункамі, скудлачыць яе косы, пакамечыць тонкае адзенне. Сташэўскі. А ўсход ружова-светлы будзе, Скудлачыць вецер пасмы хмар, Калі пры звонаў перагудзе Нявесты праяснее твар. Жылка.
скукава́ць, скукую, скукуеш, скукуе; зак.
Разм. Пракукаваць. Скукуе зязюля Адвечнае ку-ку. Купала.
ску́ла 1, ‑ы, ж.
1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.
2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.
ску́ла 2, ‑ы, ж.
Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.
•••
Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.
ску́лаваты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты скуламі 2, са скуламі. Скулаваты чалавек.
скулавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да скулы 1 (у 1 знач.). Скулавая косць. Скулавая мышца.
2. Спец. Які мае адносіны да скулы 1 (у 2 знач.). Скулавы пояс карабля.