нячы́сцік, ‑а, м.
Разм. У забабонах — нячыстая сіла, чорт. [Антося] верыла ў павер’е, што ў тапельніка нячысцік забірае душу яшчэ перад смерцю... Барашка. // Ужываецца як лаянка. [Маці:] — Дачытаўся, нячысцік, што зусім здурнеў!.. Асіпенка.
нячы́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Брудны, пакрыты пылам, граззю. — Ну, ну, адвяжыся, гультай... Вунь стрэлкі нячышчаныя, а ён бадзяецца дзе. Лынькоў.
2. Пакрыты лускою, з лушпінамі. Толькі крывілася [дзяўчына], што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба. Маўр. Што варылі? Цяжка было разабраць: бульбу, бручку, буракі — усё нячышчанае. Навуменка.