Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

Які не даведзены да канца; незавершаны. Андрэй лёг адпачываць у няскончанай палавіне хаты. Дуброўскі.

няско́ранасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць няскоранага. Міхась Лынькоў малюе няскоранасць савецкіх людзей, іх агністую нянавісць да ворага. Кучар.

няско́раны і нескаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не скарыўся сіле, уладзе каго‑, чаго‑н. Мы зноў у шчасці будзем жыць — Вайной няскораныя людзі. Астрэйка. Недзе там, за лініяй фронту, ляжаў распластаны ворагам, знявечаны, але няскораны родны горад. Новікаў. Усім раскажу я пра мужнасць Тваёй нескаронай душы, Як ты непахісна, мой дружа, Стаяў на сваім рубяжы. Прыходзька.

няскро́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няскромнага. Няскромнасць намёкаў.

няскро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца скромнасцю; нясціплы. Няскромны чалавек. // Які вырашае адсутнасць скромнасці. Мяне надзвычай зацікавілі маладыя вочы і старая галава.. Альжбеты. На маё няскромнае запытанне аб гэтым яна махнула абрывіста рукою. Бядуля.

нясла́ва, ‑ы, ж.

Благая слава, ганьба. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Няслава бацьку. А каму ж? А ў чым яго віна? Непачаловіч.

нясла́віцца, ‑віцца; незак.

Зал. да няславіць.

нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.

Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.

нясла́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які варты асуджэння; ганебны. Бандытаў загінуць прымусілі, Прыйшла ім няслаўная смерць. Броўка.

няслу́шнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць няслушнага. Няслушнасць заўваг.

2. Памылковасць думак, учынкаў. Усвядоміць няслушнасць сваіх меркаванняў. □ Панцеляймон Мікалаевіч рэзка крытыкаваў дробнабуржуазныя асветніцкія погляды, даказваў няслушнасць довадаў тых, хто выступаў супроць політэхнівацыі, за «чыстую» навуку. Лушчыцкі.