нямно́га, прысл.
Мала, не вельмі многа. Аднымі рукамі нямнога зробіш. Прыказка. / у знач. вык. [Алесь:] — Прыехалі!.. Прашу — дваццаць капеек за дарогу — гэта нямнога! Ваданосаў.
нямно́гае, ‑ага, н.
Нязначная частка чаго‑н. Камлюк вырваў з блакнота лісток і, напісаўшы на ім некалькі слоў, працягнуў яго Ірыне Мікалаеўне. — Зайдзіце на склад... Нямнога, але тое-сёе выберыце там з прэпаратаў. На першы выпадак... М. Ткачоў.
нямно́гія, ‑іх; адз. няма.
Якія складаюць невялікую частку каго‑, чаго‑н.; асобныя, некаторыя. У тую зіму.. вымерз ледзь не да апошняга дрэва малады сад. Тыя ж нямногія дрэўцы, што неяк уцалелі, доўга-доўга.. не пладаносілі. Чыгрынаў. / у знач. наз. Аб невялікай колькасці людзей. [Панскія сынкі] надумаліся аднойчы сарваць дадатковы ўрок лацінскай мовы, а .. [Алесь], разам з нямногімі, раптам узбунтаваўся. Брыль.
нямо́гласць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць нямоглага. Марыя Хведараўна, перамагаючы сваю вяласць і нямогласць, узнялася з крэсла. Марціновіч.
нямо́глы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабы, хваравіты. І жыла ў ёй, у гэтай хатцы, старая, зусім нямоглая жанчына, якую ў нашай вёсцы і вялікія, і малыя, звалі баба Ёўга. Сачанка. Апошнія дні дажываў і Кручынін. Ён зусім аслабеў, стаў нямоглым, як стары. С. Александровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Брыль.
нямо́жацца, безас. незак.
Разм. Нездаровіцца. — Чаго ты такая? — пытаю я. — Якая? — Не такая, як заўсёды. — Мне нешта няможацца. Сабаленка.
нямо́жна, безас. у знач. вык.
1. Не дазваляецца, забаронена. Цішэй — не патрывожце сну, Ступайце асцярожна, Уголас гаварыць няможна. Колас. [Чырун:] — Вы спацелі, і доўга стаяць на марозе няможна. Корзун.
2. Разм. Немагчыма, няма магчымасці; нельга. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша, — Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? — Няможна стала мне жыць дома. Колас.
нямо́ўчны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і несціханы (у 1 знач.). Зямля разносіць працяжнае нямоўчнае рэха. Няхай.
нямо́цны, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.
2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.
3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.
4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.
5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.
6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.
нямы́, ‑ая, ‑ое.
1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.
2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.
•••
Нямая карта гл. карта.
Нямое кіно гл. кіно.