няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
няло́ўкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нялоўкага.
2. Пачуццё ніякаватасці, сораму; няёмкасць. Аграном глядзеў на.. [Язэпа] з той нялоўкасцю, з якой заўсёды здаровы глядзіць на хворага. Бядуля. Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу. Колас.
няло́ўкі, ‑ая, ‑ае.
1. Няспрытны, непаваротлівы. Нялоўкі ў гульнях. Нялоўкі ў рабоце.
2. перан. Непрыемны, цяжкі; няёмкі. Наступіла нялоўкае маўчанне і сярод слухачоў. Вірня. Хвіліну цягнулася нялоўкая цішыня. Шамякін.
нялю́ба,
1. Прысл. да нялюбы (у 1 знач.).
2. у знач. вык. Не падабаецца. Нялюба слухаць.
нялю́басць, ‑і, ж.
Непрыязнасць, непрыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Косця адчуваў, як недзе на душы пачынае ажываць даўнішняя нялюбасць, злосць і непавага да Жвіра. Адамчык.
нялю́бы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не любяць, да якога адносяцца непрыхільна. Аўгіння выходзіла за нялюбага Бусыгу. Адамовіч. Я вярнулася толькі з вайны, З той нялюбай чужой стараны. Броўка. // Які не адпавядае чыім‑н. схільнасцям, густам. Ліпачка і рада была, што бацька дазволіў адкараскацца ад гэтай нялюбай кніжкі. Сабаленка.
2. у знач. наз. нялю́бы, ‑ага, м.; нялю́бая, ‑ай, ж. Нямілы. Лепей горкую рэдзьку есці, як з нялюбым за стол сесці. Прыказка.
нялю́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Не ўласцівы чалавеку, не характэрны для чалавека. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Гартны. Адам з нялюдскай прагнасцю накінуўся на яду. Чорны. Калі вы пачуеце ноччу ў лесе злавеснае «уху-уху», а потым дзікі, жудасны, нялюдскі рогат, не бойцеся. Гэта крычыць пугач. В. Вольскі. // Не такі, якім павінен быць; дзіўны. [Студэнт] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не знаўся. Сабаленка.
2. Які перавышае чалавечыя магчымасці, сілы; моцны па ступені праяўлення. Відаць, у чалавека, што пісаў.. [скаргу], у самога крывавілася, сэрца ад.. нялюдскага здзеку і крыўды. Машара. Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартая нялюдская цягавітасць і вытрымка? Карпаў.
3. Антыгуманны, бесчалавечны; ганебны. Першая раніца была пачаткам жахлівай, нялюдскай справы — вайны. Брыль.
4. Разм. Дрэнны, кепскі. Нялюдская дарога. □ Хапала [для вёскі] і балота, але і яно было нялюдскае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх — рудая каламутная вада. Чарнышэвіч.