нязвы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца незнаёмым, новым для каго‑н., не ўвайшоў у звычку; непрывычны. І раптам, з самага прыходу, Марыля заўважыла ў траве каля кустоў.. нязвычную расліну. Дубоўка. Усё, што ўчора нам Здавалася нязвычным, Рэальнасцю жывой З лятункаў паўстае. Звонак.
нязвя́зны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены паслядоўнасці, лагічнай сувязі. Хто хапаўся рукамі за валасы, хто мармытаў нязвязныя словы, а хто шаптаў малітвы. Бядуля.
нязга́слы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і нязгасны. Верасень рассыпаў журавіны, Быццам жар нязгаслы на імху, Гарбузы жаўтлявыя ўскінуў Даспяваць на хлеўчыка страху. Ляпёшкін. Пісьменнік яскрава паказвае нязгаслую веру рабочых у перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі. Кучар.
нязга́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што гарыць увесь час, які ніколі не гасне. Вялікія зоры высыпалі ў неб[е], як бы на які ўрачысты парад, і мігцяць, гараць нязгасным жывым святлом. Лупсякоў.
2. перан. Які не страчвае з часам сваёй сілы; неаслабны. Па-над зямлёй успыхнулі сцягі, Авеяныя славаю нязгаснай. Астрэйка.
нязго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Адсутнасць адзінства ў думках, поглядах. З чалавекам вельмі блізкім заўсёды паводзіш сябе прасцей і не баішся, што ён можа пакрыўдзіцца за нязгоду з яго думкай, за папрок, заўвагу, крытыку. Шамякін. — Скажу вам,.. што нават і ў закаханых ідзе не ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў. // Адмоўны адказ на што‑н.; адмаўленне. Дзяўчына з выразам нязгоды пакруціла галавой, але ўсё ж пачала абвязваць нагу белай анучкай. Быкаў.
2. Разлад, сварка. [Камандзір] рабіў усё, што толькі мог, каб не даць разгарэцца нязгодзе паміж коннікамі і пяхотай. Брыль. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.
нязгра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае несуразмерную, непрапарцыянальную постаць, форму; няскладны, нястройны. [Аня] вельмі змянілася: папаўнела, пахарашэла, пабыла тую няўлоўную жаночую чароўнасць, якой не хапала ёй дзесяць гадоў назад. Тады яна находзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч. У карчме амаль на самай сярэдзіне стаіць вялізная нязграбная грубка. Пестрак. Фурманкі пасталі. Завязалася гутарка. З вазоў пазлазілі нязграбныя .. дзядзькі. Мурашка.
2. Няспрытны, непаваротлівы. Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. Сутычка з карчом была немінучая; праскочыць з такім нязграбным чаўном было ўжо нельга. Маўр.
3. перан. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці; няскладны. Ні пра падгляд, ні пра падказ Мы думаць больш не смелі І свой нязграбны пераказ Пісалі, як ўмелі. Лужанін.
нязгрэ́ба, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Абл. Няспрытны, няўмелы, нязграбны чалавек. [Ляснічы:] — Мне чалавек там добры трэба, А не гультай які, нязгрэба. Колас.
нязда́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Той, хто пазбаўлены здольнасцей да чаго‑н.; няўмека. Ніхто ім [майстрам] не скажа — няздары, Не зганіць іх рук, тапароў. Колас.