Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няго́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы нягодніку.

няго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.

2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.

няго́жа,

Разм.

1. Прысл. да нягожы.

2. безас. у знач. вык. Дрэнна, нядобра, непрыгожа. Аднойчы цётка Даша адчыніла прасторны пакой,.. аддала [хлопцам] сваю лямпу. — Мне кніжкі не чытаць, — сказала старая. А вам займацца без агню нягожа. Новікаў. — Толькі вось што, таварыш Сагура: я маю званне лейтэнанта, афіцэр, а вы часам пры ўсіх — Лёша ды Лёша. Гэтак нягожа. Ракітны.

няго́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непрыдатны, нягодны. Нягожая рэч. // Дрэнны, паганы. Нягожы дзень.

няго́лены, ‑ая, ‑ае.

Які не пагаліўся; нябрыты. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ. // Які даўно не галілі. [Максім] пастарэў гадоў на дваццаць. Вочы запалі і зрабіліся нерухомымі. Няголены твар так схуднеў, што выпіналі косці. Машара.

няго́рды, ‑ая, ‑ае.

Які не мае гордасці; просты, даступны. Нягорды чалавек.

нягрэ́блівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нягрэблівага.

нягрэ́блівы, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца грэблівасцю. Нягрэблівы чалавек.

нягу́ста,

1. Прысл. да негусты.

2. безас. у знач. вык. Разм. Мала, нямнога. Людзей у кіно было пакуль што нягуста. Вышынскі.

нягу́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Ціхі, слаба чутны. Пачуецца нягучны голас, — пачуецца і сціхне. Багдановіч. [Машына] бегла хутка — матор аднастайна цягнуў сваю нягучную песню. Грамовіч.

2. Які не мае належнага гучання; невыразны. Канстанцін Міхайлавіч паказвае недакладныя выразы, нягучныя радкі. Лужанін.