нябо́ж, ‑а, м.
1. Абл. Сын брата або сястры; пляменнік. — А праўда, сынок! — падумаўшы, сказала маці. — Ты маеш права... І ты ж.. [дзядзьку] нябож усё-такі. Ракітны. Побач са мною ляжала мая дубальтоўка, а на заднім сядзенні трымаліся напагатове два хлапчукі..: адзін — мой нябож.., а другі проста суседскі. Кулакоўскі.
2. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшага па гадах.
нябо́жа, ‑а, м.
Разм. Тое, што і нябож (у 2 знач.).
нябо́жчык, ‑а, м.
Мёртвы чалавек; мярцвяк. У пакоі, дзе стаяла труна з нябожчыкам, было поўна аўтазаводцаў. Карпаў. // (звычайна ў дадатку). Ужываецца для таго, каб паказаць, што той, аб кім гавораць, не жыве. [Дзед:] — Мой бацька нябожчык на сваіх плячах з лесу сенцы вынасіў. Скрыган. [Палікар:] — Нябожчык Іван усё жыццё марыў аб шчасці, ды не дачакаўся, памёр, небарака. Кулакоўскі.
нябо́сь, часціца ў знач. пабочн.
Разм. Ужываецца для ўзмацнення зместу выказвання ў значэнні: напэўна, відаць; ужо ж вядома. [Гаспадыня:] — А мае вы небажаткі, а мае саколікі... Замарыліся, нябось. С. Александровіч. [Бацька:] — Лажыся спаць, кажу! Заўтра, нябось, не дабудзішся цябе! Скрыган.
нябры́дкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае даволі прывабны знешні выгляд. За тры гады Даша падрасла і папрыгажэла.. Высокая. Зграбная і з твару нябрыдкая. Асіпенка.
нябы́т, ‑у, М ‑быце, м.
Адсутнасць быцця, існавання, жыцця. Лічаныя дні, а можа гадзіны аддзяляюць .. [Нявіднага] ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту. Колас. Мяне кудысьці імчыць, як лісцінку. У жыццё? У нябыт? Бядуля.
•••
Адысці ў нябыт гл. адысці.