нябла́га,
1. Прысл. да неблагі.
2. у знач. вык. Нядрэнна. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.
няблі́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Даволі далёкі. А якім стаў Сож! Ад самай нашай вёскі і да няблізкага сіняга лесу на другім беразе ён раскінуў магутную шырыню вады. Кірэенка.
2. Які не з’яўляецца блізкім родзічам. Жыла ў гэтай хаце нейкая няблізкая сваячка. Лобан.
нябо́га, ‑і, м. і ж.
1. Абл. ДМ ‑бозе, ж. Дачка брата або сястры; пляменніца. [Цётка Вера:] — Ну от і ты прыйшла, ягадка мая! Цэлы тыдзень вачэй не паказаць! І гэта нябога называецца. Паслядовіч.
2. ж. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшай па гадах. [Аўген:] — Дык не гаруй, мая нябога — Яшчэ аб’явіцца твой брат. Колас. — Ты, нябога, яшчэ маладая, каб мяне вучыць, — пакрыўджана абазваўся.. [дзед на Маню]. Васілевіч.
3. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑бозе, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. Той (тая), хто выклікае спагаду і жаль; бядак, сірата. З табой сняданне папалам падзелім, каб падужэла ты ў сваёй дарозе, каб весялей было табе, нябозе. Дубоўка. Мікіта захварэў. На ложку скурчыўся, нябога. Стагнаў, крактаў, гарэў... Корбан.
нябо́ж, ‑а, м.
1. Абл. Сын брата або сястры; пляменнік. — А праўда, сынок! — падумаўшы, сказала маці. — Ты маеш права... І ты ж.. [дзядзьку] нябож усё-такі. Ракітны. Побач са мною ляжала мая дубальтоўка, а на заднім сядзенні трымаліся напагатове два хлапчукі..: адзін — мой нябож.., а другі проста суседскі. Кулакоўскі.
2. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшага па гадах.
нябо́жа, ‑а, м.
Разм. Тое, што і нябож (у 2 знач.).
нябо́жчык, ‑а, м.
Мёртвы чалавек; мярцвяк. У пакоі, дзе стаяла труна з нябожчыкам, было поўна аўтазаводцаў. Карпаў. // (звычайна ў дадатку). Ужываецца для таго, каб паказаць, што той, аб кім гавораць, не жыве. [Дзед:] — Мой бацька нябожчык на сваіх плячах з лесу сенцы вынасіў. Скрыган. [Палікар:] — Нябожчык Іван усё жыццё марыў аб шчасці, ды не дачакаўся, памёр, небарака. Кулакоўскі.
нябо́сь, часціца ў знач. пабочн.
Разм. Ужываецца для ўзмацнення зместу выказвання ў значэнні: напэўна, відаць; ужо ж вядома. [Гаспадыня:] — А мае вы небажаткі, а мае саколікі... Замарыліся, нябось. С. Александровіч. [Бацька:] — Лажыся спаць, кажу! Заўтра, нябось, не дабудзішся цябе! Скрыган.
нябры́дкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае даволі прывабны знешні выгляд. За тры гады Даша падрасла і папрыгажэла.. Высокая. Зграбная і з твару нябрыдкая. Асіпенка.