Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мімахо́дзь, прысл.

Разм. Тое, што і мімаходам. Зірнулі [хлопцы] мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей. Маўр. Заранік заўважыў, як касы позірк брыгадзіра нібы мімаходзь акінуў яго з ног да галавы. Хадкевіч.

міметы́зм, ‑у, м.

У біялогіі — від мімікрыі, як сродак самааховы, які заключаецца ў прыпадабненні знешняга выгляду некаторых жывёл да навакольнага асяроддзя і да іншых жывёл, забяспечаных чым‑н. ад ворагаў.

[Ад грэч. mimeomai — пераймаю.]

мі́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Рухі мышцаў твару, якія выражаюць перажыванні, пачуцці, настрой. [Багуцкі] прыглядаўся да людзей, да іх твараў, рабіў здагадкі аб іх настроях па іх знешняму выгляду, па рухах, па ледзь улоўнай міміцы. Лынькоў.

2. Мастацтва выражаць пачуцці і настрой адпаведнымі рухамі мышцаў твару. Заікам цяжка гаварыць, таму пры размове яны дапамагаюць сабе мімікай. Карпюк.

[Ад грэч. mimikós — пераймальны.]

мімікры́я, ‑і, ж.

У біялогіі — прыпадабненне некаторых відаў жывёл і раслін да навакольнага асяроддзя з мэтай самааховы. Мімікрыя дае магчымасць хавацца ад ворагаў. // перан. Беспрынцыпнае прыстасаванне да асяроддзя, да ўмоў жыцця. Для Астраўнова пасада загадчыка гаспадаркі ў калгасе — мімікрыя. Каваленка.

[Англ. mimicry, ад грэч. mimeomai — пераймаю.]

мімі́ст, ‑а, М ‑спе, м.

1. Акцёр, які па-мастацку валодае мімікай.

2. Акцёр, які ўдзельнічае ў мімічных сцэнах.

мімі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да міміст.

мімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мімікі. Мімічныя сродкі артыста. // Выражаны пры дапамозе мімікі. Мімічная сцэна.

мімо́за, ‑ы, ж.

1. Трапічная расліна (дрэва, куст і інш.) сямейства мімозавых, некаторыя віды якой згортваюць лісцікі пры дотыку да іх. // перан. Пра надзвычай крыўдлівую, сарамлівую асобу. «Які ты непрыгожы! — аднойчы ўсклікнула .. [маці]. — І мужчынскай цвёрдасці ў цябе няма. Як мімоза якая... Цяжка табе будзе жыць». Навуменка.

2. Від акацыі з дробнымі жоўтымі, сабранымі ў мяцёлачку кветачкамі.

[Ад грэч. mimos — пераймальнік.]

мімо́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мімозы. Мімозавы пах.

2. у знач. наз. мімо́завыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, блізкароднаснае сямейству бабовых.