міласэ́рнасць, ‑і, ж.
Схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім‑н. [Сімон:] — Сплаці мне ўсё поўнасцю праз тыдзень, а то я ладам у суд .. Досыць ужо маёй міласэрнасці. Самуйлёнак.
міласэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Які выяўляе міласэрнасць; схільны рабіць дабро. Міласэрны чалавек. // Які з’яўляецца вынікам міласэрнасці. Міласэрны ўчынак.
•••
Міласэрная сястра гл. сястра.
мілата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.
Разм.
1. Чароўнасць, прыгажосць, абаянне чаго‑н. прыгожага. У Лявона на сэрцы неяк стала лёгка і соладка, калі адчыніў варотцы ў свой садок. Мілата і любата! Чарнышэвіч.
2. у знач. вык. Пра тое, што выклікае зачараванне, захапленне. [Барашкін:] — Хлопцы ў цябе растуць — мілата! Барыс жа ў армію пойдзе вясною. Савіцкі.
мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.
2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.
3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.
•••
Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.
мілі...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае тысячную частку адзінкі меры, названай у другой частцы слова, напрыклад: міліметр, міліграм, міліампер.
[Ад лац. mille — тысяча.]
мілігра́м, ‑а, м.
Адна тысячная частка грама.
[Ад лац. mille — тысяча і gramma — грам.]
міліме́тр, ‑а, м.
Адна тысячная частка метра.
[Ад лац. mille — тысяча і грэч. métron — мера.]
міліметро́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міліметра, мерай у адзін міліметр.
•••
Міліметровая папера гл. папера.
міліметро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Разм. Тое, што і міліметровая папера (гл. папера).
мілімікро́н, ‑а, м.
Адзінка вымярэння даўжыні, роўная адной тысячнай частцы мікрона.
[Ад лац. mille — тысяча і mikrós — маленькі.]