Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ле́тась, прысл.

Разм. У мінулым годзе. [Ліза:] «Я ўжо так прывыкла да вучняў, што цяпер было б шкада іх пакідаць... У мяне ў гэтым годзе іх больш, чым летась». Шахавец. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка.

ле́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.

•••

Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.

ле́тні 1, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да лета; звязаны з летам, адбываецца летам. Летняя раніца. Летнія канікулы. Летнія дажджы. □ Летні дзень год корміць. Прыказка. // Які выкарыстоўваецца летам; прызначаны для лета. Летні кінатэатр. □ На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас.

ле́тні 2, ‑яя, ‑яе.

Разм. Цеплаваты, хатняй тэмпературы, крыху падагрэты (звычайна пра ваду). Мыцца летняй вадою.

ле́тнік 1, ‑у, м., зб.

Аднагадовыя дэкаратыўныя садовыя расліны. // Абл. Летняя садавіна. [Каліна:] — Пяцьдзесят гектараў саду. А які ўраджай! .. Летнік псуецца, гніе шмат. М. Ткачоў.

ле́тнік 2, ‑а, м.

Разм. Лёгкі летні пінжак або жакетка. На .. [хлопцу] шэры, з абвіслымі штрыфелямі летнік; сіняя кепка-васьміклінка з кароценькія брылём. Ракітны.

ле́тнік 3, ‑а, м.

Разм. Дарога, якой карыстаюцца толькі летам; проціл. зімнік. Адшукаў [Віця] знаёмы летнік — летнюю дарогу, па якой калгаснікі вазілі сена. Жычка. [Андрэй і Драбок] выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Краўчанка.

летуце́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Тое, што і летуцець. Летуценіў Андрэй [аб няяўцы ў суд], а ногі неслі яго ўсё бліжэй да будынка земскай управы. Колас. Цімка ўставаў, адчыняў акно і садзіўся на падаконнік — любімае месца студэнтаў увесну: яны тут загаралі, рыхтавалі лекцыі, летуценілі. Карпаў.

летуце́ннасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць летуценнага; схільнасць да мар, летуцення. Вера ўсміхнулася: дваццаць тры гады, а летуценнасць у яе нейкая дзіцячая. Асіпенка.

2. Тое, што і летуценне (у 1 знач.). Ратуе мяне ад летуценнасці званок. Мыслівец.

летуце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. летуцець і летуценіць.

2. Мара пра што‑н. прывабнае, жаданае. Галава .. [Ганчарова] напаўнялася рознымі рамантычнымі летуценнямі. Шамякін. Як хочацца жыць, калі думкі кросны снуюць з жыцця, з летуценняў, з пажаданняў бурлівых! Лынькоў.

летуце́ннік, ‑а, м.

Той, хто схільны да летуцення, аддаецца летуценням. Колінг — вялікі летуценнік, але адначасова і чалавек справы. Гамолка. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі. // Той, хто адыходзіць ад рэальнай рэчаіснасці ў свет фантастыкі; фантазёр. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў.

летуце́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да летуценнік.

летуце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.

2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.