ле́ташні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.
•••
Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)