Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лейкапла́сты, ‑аў; адз. лейкапласт, ‑а, М ‑сце, м.

Бясколерныя дробныя ўтварэнні ў клетках раслін.

[Ад грэч. leukos — белы і plastós — вылеплены.]

лейкапла́стыр, ‑у, м.

Від пластыру ў выглядзе клейкай масы, нанесенай звычайна на тканіну, які скарыстоўваецца для пакрыцця невялікіх пашкоджанняў скуры і замацоўвання невялікіх павязак.

лейкацыто́з, ‑у, м.

Спец. Павелічэнне колькасці лейкацытаў у крыві.

лейкацы́ты, ‑аў; адз. лейкацыт, ‑а, М ‑цыце, м.

Белыя крывяныя цельцы — састаўная частка крыві.

[Ад грэч. leukos — белы і kytos — сасуд, клетка.]

лейкемі́я, ‑і, ж.

Тое, што і лейкоз.

[Ад грэч. leukos — белы і haima — кроў.]

лейко́з, ‑у, м.

Захворванне крыві, пры якім рэзка павялічваецца колькасць лейкацытаў; белакроўе.

[Ад грэч. leukos — белы.]

лейко́ма, ‑ы, ж.

Спец. Тое, што і бяльмо. Лейкома на левым воку.

[Грэч. leukos — белы.]

лейтматы́ў, ‑тыву, м.

1. Асноўны матыў (тэма), які паўтараецца на працягу ўсяго музычнага твора.

2. перан. Асноўная думка, якая неаднаразова паўтараецца і падкрэсліваецца. Лейтматывам у паэзіі 20‑х гадоў была тэма Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Гіст. бел. сав. літ.

[Ням. Leitmotiv.]

лейтэна́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Афіцэрскае званне ў арміі, флоце, міліцыі. // Асоба, якая носіць гэта званне. Падаў каманду лейтэнант Пастроіцца ў рады. Броўка.

•••

Генерал-лейтэнант гл. генерал.

Малодшы лейтэнант — першае малодшае афіцэрскае званне; асоба, якая носіць гэта званне.

Старшы лейтэнант — трэцяе афіцэрскае званне, якое ідзе за званнем лейтэнанта, а таксама асоба, якая носіць гэта званне.

[Фр. lieutenant.]

лейтэна́нтаў, ‑ава.

Які належыць лейтэнанту. Не спускаючы вока з лейтэнантавых рук і з усіх вайскоўцаў, .. [дзядзька Мірон] праглядаў не спяшаючыся паперы. Лынькоў.