лева...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «левы», напрыклад: левабуржуазны, левафланговы.
левабако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да левага боку; які знаходзіцца на левым баку. Левабаковае скрыўленне.
левабярэ́жжа, ‑а, н.
Левы бераг ракі. Левабярэжжа Прыпяці.
левабярэ́жны, ‑ая, ‑ае.
Размешчаны на левым беразе ракі. Левабярэжная частка Дняпра.
левару́ч, прысл.
Абл. Злева, па левую руку, па левы бок. А вунь далёка леваруч паўстае густая сцяна лесу. Зарэцкі.
левафланго́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца на левым флангу. Левафланговы ўчастак фронту.
2. у знач. наз. левафланго́вы, ‑ага, м. Той, хто знаходзіцца на левым флангу і замыкае рад, шарэнгу. Левафланговым ва ўзводзе за свой невялікі рост быў чырвонаармеец Чыжык. Лупсякоў.
левізна́, ‑ы, ж.
Спец. Левы напрамак у грамадска-палітычных поглядах.
левіяфа́н, ‑а, м.
1. Паводле біблейскага падання — вялізнае марское страшыдла ці лятаючы дракон.
2. Кніжн. Тое, што здзіўляе сваёй велічынёй, сілай.
левулёза, ‑ы, ж.
Спец. Цукар, які змяшчаецца ў мёдзе, салодкіх пладах; фруктоза.
[Ад лац. laevus — левы.]
ле́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны з таго боку цела, дзе знаходзіцца сэрца; проціл. правы. Левая нага. Левае вуха. □ Пані Мар’я левай рукой трымала перад сабой разгорнутую кнігу, а ў правай — ручку. Брыль. // Размешчаны з боку той рукі, якая бліжэй да сэрца. Левы бок тулава. □ Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас. // Размешчаны з боку левай рукі, па левы бок, калі стаць тварам у напрамку руху, цячэння і пад. Вада ў рацэ разлілася шырока, залівала ўвесь нізкі левы бераг. Чорны.
2. Палітычна радыкальны ці больш радыкальны, чым іншыя (ад левага боку парламенцкай залы, дзе па традыцыі размяшчаюцца члены радыкальных і рэвалюцыйных партый). Левая фракцыя парламента. Газеты левага напрамку. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.
3. Які прыкрывае рэвалюцыйнай фразай дробнабуржуазную сутнасць; апартуністычны. Левы ўхіл. Левы эсэр. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.
•••
Устаць з левай нагі гл. устаць.
Як левая нага хоча гл. нага.