Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́даннікавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ладанніку. Ладаннікавы куст.

2. у знач. наз. ла́даннікавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца ладаннік, санцацвет і інш.

ла́данны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ладану. Ладанны дым.

ладдзя́ 1, ‑і, ж.

Уст. Вялікая парусная ці вёславая лодка.

ладдзя́ 2, ‑і, ж.

Шахматная фігура ў форме вежы, якая ходзіць удоўж і поперак дошкі па прамой; тура.

ла́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ладзіць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Праўлены, зроблены прыгодным для далейшага выкарыстання. Ладжаная збруя.

ладзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з ладдзёй ​2, які мае адносіны да ладдзі ​2. Ладзейны эндшпіль.

ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.

2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.

3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).

ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.

1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.

3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.

4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.

5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.

ла́дка,

гл. ладкі.

ладкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; заг. ладкуйся; незак.

Разм. Уладжвацца, прыстройвацца. Аўсееў паставіў у кут вінтоўку і пачаў ладкавацца ля грубкі. Быкаў. Саўчанка ладкаваўся ў кузаве, захінаючыся ў брызент... М. Стральцоў. Дзед пачаў ладкавацца спаць. Скрыган.

ладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; заг. ладкуй; незак., што.

Разм. Прыводзіць у парадак, уладжваць. Лёдзя спалохана падхапілася і хуценька спрытнымі звыклымі рухамі пачала ладкаваць валасы. Карпаў. У Гомелі я сеў у цягнік.. Калі зайшоў у купэ, там ладкавала рэчы высокая, досыць маладая жанчына. Навуменка.