ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.
1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.
3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.
4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.
5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)